Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 жніўня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

У Маскоўскім судзе Менску адбылося першае паседжаньне ў крымінальнай справе Ўладзімера Варавы, таксіста, які 4 сакавіка зьбіў легендарнага беларускага гісторыка Міколу Ермаловіча. У выніку атрыманых траўмаў праз 12 гадзінаў Ермаловіч сканаў у шпіталі.

Напачатку судовага паседжаньня Алена Ермаловіч, дачка славутага гісторыка, заявіла хадайніцтва пра тое, каб у судовым паседжаньні быў дапытаны лекар 6 клінічнага шпіталю Карканец. Менавіта гэты лекар склаў даведку, згодна зь якой у Мікалая Ермаловіча былі ўзятыя аналізы, якія нібыта паказалі наяўнасьць у арганізьме Ермаловіча алькаголю. Адвакат Сяргей Цурко, які бароніць інтарэсы дачкі Ермаловіча, пракамэнтаваў гэтае хадайніцтва "Радыё Свабода":

(Цурко: ) "У гэтай даведцы заключэньне лекара Карканца нічым не матываванае. У судова-мэдычнай экспэртызе напісана: аналіз крыві паказаў, што Ермаловіч быў абсалютна цьвярозы. Тым больш, што Мікалай Ермаловіч быў вельмі паважаным чалавекам, сталага веку й ніколі не ўжываў алькагольныя напоі, нават ня піў піва. Таму гэтая даведка выклікае абурэньне.

Чаму яна зьявілася, дакладна невядома. Тут ёсьць некалькі вэрсіяў. Магчыма лекара хтосьці папрасіў, каб зьмякчыць наступствы гэтага злачынства. Магчыма гэта нейкая памылка. Але варыянт памылкі малаверагодны, бо, калі ў выніку дарожна-транспартнага здарэньня чалавек атрымаў цяжкія траўмы (мноства пераломаў костак, траўма чэрапу, пашкоджаньні лёгкіх) – як ён здолеў дыхаць у трубку? І, увогуле, навошта браць гэтыя пробы, калі заўсёды робіцца аналіз крыві – самы аб'ектыўны аналіз?

Я лічу, што гэтую даведку можна аднесьці да сфальшаваных дакумэнтаў", – паведаміў адвакат Сяргей Цурко.

Дачка Мікалая Ермаловіча Алена Ермаловіч у гэтай крымінальнай справе прызнаная як пацярпелая. Яна відавочна хвалявалася ў судовай залі. Жанчыне было вельмі цяжка слухаць паказаньні Варавы пра здарэньне, якое адбылося 4 сакавіка, а тым больш, пра характар траўмаў, якія атрымаў яе бацька. Алена Ермаловіч не прасіла суд жорстка пакараць таксіста. Яна пракамэнтавала сваё рашэньне "Радыё Свабода":

(Ермаловіч: ) "Ну канешне, я лічу, што караць трэба. Але я думаю, мой бацька не ўхваліў бы таго, каб гэтага пасадзілі, даўшы 10 гадоў турмы. Так што я ня ведаю, хай суд рашае, я ня буду ўмешвацца. Я давяраю суду, хай яны вылічаць меру пакараньня".

Паведаміла Алена Ермаловіч.

Судзьдзя Сяргей Мароз прызначыў далейшы разгляд справы і вынясеньне прысуду на 14 жніўня.

XS
SM
MD
LG