Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 жніўня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Завершыўся візыт у Беларусь дэлегацыі Бюро дэмакратычных ініцыятываў і правоў чалавека – структурнага аддзелу АБСЭ. Сябры дэлегацыі ўвечары накіраваліся ў Варшаву, дзе месьціцца штаб-кватэра бюро, а кіраўнік дэлегацыі – Храйар Баліан выляцеў у Вену. 13 жніўня ў сталіцы Аўстрыі пройдзе другі раўнд гэтак званае тэхнічнае канфэрэнцыі ў справах Беларусі.

На разьвітаньне спадар Баліан катэгарычна адмовіўся казаць пра тое, якую параду – пасылаць або не міжнародных назіральнікаў на выбары ў "Палату прадстаўнікоў" – ён будзе даваць удзельнікам венскага паседжаньня. Кіраўнік дэлегацыі ўвогуле параіў не перабольшваць значэньня менавіта гэтага паседжаньня. Паводле ягоных словаў, нарада ў нядзелю – прамежкавая, а канчатковае рашэньне будзе прынятае толькі 30 жніўня.

Больш таго, Храйар Баліан нагадаў: "Нават накіраваньне міжнародных назіральнікаў не азначае прызнаньня выбараў дэмакратычнымі, свабоднымі й справядлівымі. Дарэчы, з тых выбараў, на якіх нашыя міжнародныя назіральнікі пабывалі за апошнія 12 месяцаў, тры чвэрьці атрымалі вельмі нэгатыўную ацэнку".

Зь вядомых чатырох умоваў, якія міжнародная супольнасьць паставіла перад беларускімі ўладамі, экспэртаў Бюро менш за усё цікавіў Выбарчы кодэкс. Справа ў тым, што Бюро ўжо некалькі разоў рэцэнзавала гэты дакумэнт, у тым ліку і апошнюю рэдакцыю. І кожны раз прызнавала, што выбарчы закон не адпавядае міжнародным і эўрапейскім стандартам. Цікавая размова атрымалася ў сябраў дэлегацыі з экспэртамі ў справах мас-мэдыяў. Вось як ацэньвае яе экспэрт Вячаслаў Герасіменка:

(Нерасіменка: ) "Экспэрты ў справе СМІ ад апазыцыі пастараліся прывесьці некія аналягі паміж пэрыядам ў Беларусі са сродкамі масавай інфармацыі з лістападу 1996 году па сёньняшні час. Сытуацыя абсалютна не зьмянілася. Нават пагоршылася. Пасьля лістападу 1996 году Нацыянальны сход унес некалькі зьменаў, якія значна пагоршылі становішча сродкаў масавай інфармацыі. І нашая задача была давесьці эўрапейцам, што на сёньня ўлады Лукашэнкі абсалютна нічога не зрабілі. Хаця яны абвесьцілі клімат даверу, гэты клімат абсалютна ня быў рэалізаваны ў пляне свабоды слова, свабоды сродкаў масавай інфармацыі. Цяжка сказаць, якое рашэньне прымуць экспэрты, ці будуць рэкамэндаваць Парлямэнцкай асамблеі накіроўваць ці не накіроўваць прадстаўнікоў на будучыя выбары, але я лічу, што да таго часу, пакуль ня будзе вырашанае пытаньне свабоды слова, ня можа быць ніякай размова аб свабодных, дэмакратычных выбарах у беларускі парлямэнт".

Гэта быў экспэрт у сфэры сродкаў масавай інфармацыі Вячаслаў Герасіменка.

Сёньня пад час сустрэчаў са старшынёй афіцыйнага Цэнтарвыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай і першым намесьнікам міністра замежных справаў Сяргеям Мартынавым сябры дэлегацыі выказалі свае канкрэтныя заўвагі па ўсіх чатырох умовах прызнаньня выбараў дэмакратычнымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG