Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 жніўня 2000 г.


Мікола Іваноў

Хрысьціяне ўсіх накірункаў і мусульмане лічаць сёньняшнюю афіцыйную сталіцу дзяржавы Ізраіль сваім сьвятым горадам. Хто ж зь іх мае больш правоў на яго? "Праўда аб габрэйскіх ды ісламскіх прэтэнзіях на Ерузалім" – пад такім загалоўкам газэта International Gerald Tribune надрукавала артыкул свайго камэнтатара Гэнры Сігмана. Яго зьмест падае Мікола Іваноў.

Гэнры Сігман – былы выканаўчы дырэктар Амэрыканскага габрэйскага Кангрэсу і Асацыяцыі амэрыканскіх сынагогаў. Гэты свой артыкул ён падрыхтаваў для лёнданскага арабскага часопісу Ад Дыплёмат. І таму некаторыя палітычныя аглядальнікі разглядаюць ягоныя погляды ў якасьці афіцыйнага пункту гледжаньня значнай часткі амэрыканскага габрэйства.

Падчас нядаўніх 15-дзённых перамоваў у Кэмп Дэвідзе, – піша ў сваім артыкуле Гэнры Сігман, – Ізраіль і палестынцы дасягнулі значнага прагрэсу ў бальшыні справаў канчатковага мірнага ўрэгуляваньня. І толькі ў справе Ерузаліму не было згоды. Таму паразуменьне ва ўсіх іншых пытаньнях ня мела значэньня. Стала ясна, што нічога нельга дасягнуць да таго часу, пакуль ня вырашаныя ўсе спрэчныя пытаньні. І перш за ўсё – справа Ерузаліму.

Патрэба захаваньня прэтэнзыяў на сувэрэнітэт над некаторымі часткамі ўсходняга Ерузаліму перашкодзілі бакам дасягнуць гістарычнага пагадненьня ў іншых спрэчных справах.

Ізраільцянам цяжка паверыць у магчымасьць перадзелу Ерузаліму, які зьяўляецца непадзельнай адзінай сталіцай ізраільскай дзяржавы ад 1967 году. Цяжка паверыць і палестынцам у тое, што Ізраіль можа захаваць сувэрэнітэт над часткамі Ўсходняга Ерузаліму, асабліва тымі, дзе знаходзіцца мячэць Аль Акса, адно з найбольш сьвятых месцаў мусульманаў усяго сьвету.

Дзіўна, – піша Гэнры Сігман на старонках International Herald Tribune, – але няздольнасьць бакоў дасянуць пагадненьня прыводзіць да сытуацыі, якую абодва хацелі б пазьбегнуць. Ізраіль замацуе падзел Ерузаліму, а палестынцы будуць мець значна меншы доступ да сваіх сьвятых месцаў, чымся яны маюць цяпер.

Сёньня палестынцы маюць неабмежаваны доступ да мячэці Аль Акса, якая знаходзіцца на Храмавай гары. Але калі мірнае пагадненьне ня будзе дасягнутае, і асабліва тады, калі палестынцы ў аднабаковым парадку абвесьцяць уласную дзяржаву, Ізраіль можа абмежаваць гэты доступ, а калі б пачаліся нейкія беспарадкі, доступ гэты мог бы быць зачынены зусім.

На працягу стагодзьдзяў, – піша Гэнры Сігман, – і іслам, і юдаізм (у выпадку юдаізму гэта амаль дзьве тысячы гадоў) даволі пасьпяхова суіснавалі на Храмавай гары, якую яны называюць Гарам аль Шарыф, нават, калі яны не маглі ажыцьцяўляць палітычны сувэрэнітэт над ёй.

І вось цяпер ніводзін з бакоў ня можа нават уявіць сабе магчымасьць саступіць сувэрэнітэт над сьвятымі месцамі апанэнту. І габрэяў, і мусульманаў абражае сам факт магчымай перадачы сувэрэнітэту над сьвятымі месцамі.

Аднак сёньняшняя рэальнасьць дыктуе толькі адзін выхад з сытуацыі: палестынцы ды ізраільцяне павінны на неакрэсьлены час адкласьці вырашэньне праблемы сувэрэнітэту над Храмавай гарой.

Гэта не пазбаўляе палестынцаў сувэрэнітэту над раёнамі Ўсходняга Ерузаліму, дзе палестынцы пераважаюць. Гэты факт, дарэчы, Эхуд Барак прызнаў у Кэмп Дэвідзе. Палестынцы па ранейшаму будуць мець адміністрацыйны кантроль над Храмавай гарой, так, як яны маюць яго сёньня.

Ізраіль жа ў адказ устрымаецца ад любых дзеяньняў, якія б былі накіраваныя на ўмацаваньне яго сувэрэнітэту над Храмавай гарой.

Нехта мог бы назваць падобны плян нерэалістычным, падсумоўвае свой артыкул Гэнры Сыгман, таму што ён прадугледжвае адмову Ізраілю ад анэксіі Храмавай гары. У сапраўднасьці ж, нічога падобнага не адбудзецца. Ізраіль ніколі не анэксаваў Усходні Ерузалім.

У 1967 годзе ізраільскі ўрад вырашыў усяго толькі распаўсюдзіць сваю юрысдыкцыю і адміністрацыю на пашыраныя муніцыпальныя межы Ерузаліму. Тэрмінаў "сувэрэнітэт" і "анэксыя" не было ў законах, якія зацьвердзіў кнэсэт.

Прыгадаем, што прыблізна 2000 гадоў таму на Храмавай гары знаходзіўся галоўны габрэйскі храм Ерузаліму, але падчас пазьнейшага арабскага панаваньня ён быў ушчэнт зьнішчаны, а на яго месцы зьявілася мячэць Аль Акса, якую мусульмане ўважаюць за трэцюю на сьвеце паводле сваёй важнасьці мусульманскую сьвятыню пасьля Меккі і Медыны. Ад габрэйскага першахрама засталася толькі адна сьцяна, якую цяпер называюць "сьцяной плачу", і якую дасюль вернікі-габрэі ўважаюць за самае сьвятое месца на сьвеце. Сьцяна гэтая зьяўляецца таксама як бы фундамэнтам мячэці Аль Акса, і вернікаў габрэяў і мусульманаў разьдзяляе падчас малітвы ўсяго 100-150 мэтраў.
У Ізраілі сёньня нават існуе экстрэмісцкая габрэйская арганізацыя, якая выступае за зруйнаваньне мячэці Аль Акса і за адбудову на старым месцы яўрэйскага першахраму.

XS
SM
MD
LG