Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 жніўня 2000 г.


Віталь Тарас

Прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі ніколі не супрацоўнічаў са спэцслужбамі ПНР. Такі вердыкт вынес сёньня польскі люстрацыйны суд. Такім чынам, Квасьнеўскі можа без перашкодаў удзельнічаць у восеньскіх прэзыдэнцкіх выбарах у якасьці кандыдата. За незвычайным судовым працэсам уважліва сачылі ўсе сродкі масавай інфармацыі Польшчы. Падрабязнасьці справы сёньня падаюць агентцва PAP і Gazetа Wyborczа.

З дакумэнтаў UOP (управы аховы дзяржавы), на якіх грунтавалася абвінавачаньне, вынікае, што ў 80-я гады сярод журналістаў Zycia Warshawy быў агент пад мянушкай "Алек". Квасьнеўскі, дарэчы, ніколі ў гэтай газэце не працаваў. Пэўны час ён быў рэдактарам газэты для моладзі Shtandar Mlodyh.

Агент Алек меў парадкавы нумар 72204, а ягоным рэзыдэнтам быў капітан Службы бясьпекі Зыгмунт Вытрвал. У іншым дакумэнце фігуруе прозьвішча Квасьнеўскага, а побач той самы нумар і паведамленьне, што інфармацыю пра яго мае згаданы капітан Вытрвал.

Кіраўнік архіваў УОП заявіў, што няма падставаў сумнявацца ў праўдзівасьці гэтых дакумэнтаў. Але былы намесьнік кіраўніка трэцяга аддзяленьня былога Міністэрства ўнутраных справаў ПНР Кшыштаф Майхроўскі, які з-за кепскага стану здароўя даваў паказаньні ў сябе дома, заявіў, што ніколі не сустракаў інфармацыі аб тым, што Квасьнеўскі быў агентам Службы бясьпекі. Былыя функцынэры СБ, выкліканыя ў суд, таксама паказалі, што ніколі ня чулі, каб Квасьнеўскі працаваў на спэцслужбы.

Грамадзкі абвінаваўца Багуслаў Нізеньскі падкрэсьліў у сваім заключным выступе ў люстрацыйным судзе вялікую ступень праўздівасьці пададзенай інфармацыі, але заявіў, што няма дастатковых доказаў, якія б напэўна сьведчылі аб супрацоўніцтве Квасьнеўскага са спэцслужбамі. Ён згадаў рапарт афіцэра СБ ў справе паездкі алімпійскай дэлегацыі Польшчы пад кіраўніцтвам Квасьнеўскага ў Сэул ў 1988-м годзе. Рапарт утрымлівае зьвесткі аб тым, што 29 чалавек са складу дэлегацыі былі ў апэратыўным кантакце са спэцслужбамі, і што ў кіраўніцтве дэлегацыі з сямі чалавек трое былі сакрэтнымі агэнтамі.

Нізеньскі прапанаваў спыніць працэс… за адсутнасьцю доказаў абвінавачаньня. Аднак, абарона Квасьнеўскага настойвала на поўнай праўдзівасьці зьвестак, пададзеных Квасьнеўскім. Ягоны прадстаўнік Чэслаў Яворскі заявіў, што прадстаўленыя дакумэнты ня толькі ня сьведчаць аб супрацоўніцтве Квасьнеўскага са спэцслужбамі, але паказваюць, што яны зьбіралі інфармацыю аб ім. Сам Квасьнеўскі запатрабаваў, каб суд вынес адназначны вэрдыкт у ягонай справе. Канчатковы прысуд быў на ягоную карысьць.

Трэба зазначыць, што гэта не адзіная падобная справа за апошні час. Раней грамадзкі абвінаваўца абвінаваціў у супрацоўніцтве са спэцслужбамі былога прэзыдэнта Польшчы Леха Валэнсу. Зараз у люстрацыйным судзе пачаўся разгляд справы чарговага падазраванага – дэпутата сэйму Бэрнарда Швэда.

Між тым, польскі Сэйм у адмысловай заяве адзначыў гістарычную ролю Леха Валэнсы ў стварэньні "Салідарнасьці" й пабудове дэмакратычнай Польшчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG