Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 жніўня 2000 г.


Ганна Соусь, Менск

Кошт візаў, якія выдаюць замежным грамадзянам беларускія амбасады, часьцей за ўсё значна вышэйшы за кошт візаў замежных дзяржаваў для грамадзянаў Беларусі. Гэта можа ў значнай ступені спрыяць узмацненьню міжнароднай ізаляцыі Беларусі.

Як нам паведамілі ў консульскай управе Міністэрства замежных справаў Беларусі, кошт беларускае гасьцявое візы, для прыкладу, у Нямеччыне складае 100 марак за аднаразовую візу і 500 – за шматразовую. Дзеля параўнаньня: у консульскім аддзеле нямецкай амбасады ў Менску аднаразовая віза (да 30 дзён) каштуе 40 марак, віза на паўгады – 70 марак, а гадавая – 100 марак.

Беларуская аднаразовая віза для французаў будзе каштаваць 300 франкаў, гэта амаль 50 амэрыканскіх даляраў, тады як шэнгэнскую аднаразовую візу ў францускай амбасадзе можна набыць у два разы таньней – за 24 даляры.

Італьянцы купляюць аднаразовыя беларускія візы за 100 тысячаў ліраў, гэта прыкладна 50 даляраў, а шматразовую візу – за 440 тысячаў ліраў, гэта адпаведна 220 даляраў. Беларусы ж аддаюць за італьянскую візу на тэрмін да аднага месяца 34 даляры, а калі болей за месяц, дык 40 даляраў.

У Вялікай Брытаніі беларуская аднаразовая гасьцявая віза каштуе 40 фунтаў стэрлінгаў, гэта прыкладна 60 даляраў. Крыху менш трэба плаціць за адпаведную ангельскую візу беларусам – 54 даляры.

Ізраільцяне аддаюць за беларускую аднаразовую візу 265 шэкеляў, гэта прыблізна 66 даляраў, тады як беларускія грамадзяне – толькі 17 даляраў, што амаль у чатыры разы менш.

Беларускія візы ў Злучаных Штатах Амерыкі і амэрыканскія візы ў Беларусі ў кошту амаль супадаюць. Беларуская аднаразовая віза ў Амэрыцы каштуе 50 даляраў, а шматразовая – 170. А ў амэрыканскай амбасадзе ў Беларусі за аднаразовую візу плаціць ня трэба, толькі за візыт да консула – 45 даляраў. А калі зьбіраесься адкрыць шматразовую амэрыканскую візу, трэба заплаціць 100 даляраў плюс за візыт да консула 45 даляраў.

Беларуская аднаразовая віза ў далёкай Японіі каштуе 8600 йенаў, гэта прыблізна 86 даляраў. А японская віза ў амбасадзе Японіі ў Беларусі каштуе амаль у дзевяць разоў таньней – усяго 10 даляраў.

Цікава, што беларускія візы ў суседніх Летуве й Латвіі каштуюць столькі ж, што й летувіскія і латвійскія візы ў Беларусі – 20 і 15 даляраў адпаведна.

Гэтую сытуацыю камэнтуе Пятро Садоўскі, які з 1992 па 1994 год быў беларускім амбасадарам у Нямеччыне:

(Садоўскі: ) "Калі немец атрымвае ў сярэднім 3 тысячы марак, дык 100 марак для яго – ня вельмі вялікія грошы. Калі наш чалавек атрымвае ў месяц тыя ж самыя 100 марак, для яго 40 марак – вялізныя грошы. Калі прапарцыянальна… Але нічога тут такога скандальнага няма, і іншая справа – трэба паглядзець, ці ўплывае высокі кошт візаў на візыты ў Беларусь.

Я б так не сказаў адразу – ці гэта дрэнна, ці добра. Ну, трошкі, відаць, высакаваты кошт. Іншая справа, што трэба падыходзіць дыфэрэнцавана да тых, хто едзе да нас з той жа самай гуманітарнай дапамогаю, па навуковых абменах. Мы ў свой час падыходзілі даволі па-людзку, мне здаецца. І з боку немцаў не было скаргаў. Цяпер гэта больш сувора. Большы кантроль з боку МЗС. Але тут на супрацоўнікаў пасольства скардзіцца нельга".

(Карэспандэнтка: ) "На Ваш погляд, ці можа адбыцца так, што амбасады, якія знаходзяцца ў Беларусі, зробяць такія ж самыя кошты на візы для беларускіх грамадзянаў?"

(Садоўскі: ) "Такія гутаркі вяліся ўвесь час. Зрэшты, яны патроху падвышаюцца. Дапусьцім, раней у нас было ня 40 марак, а некалі 20, 30. І другі пункт, наколькі гэта ўплывае на турызм ці бізнэсовыя паездкі, на гуманітарныя паездкі".

Гэта быў Пятро Садоўскі, беларускі амбасадар ў Нямеччыне з 92 па 94 год.

Дарэчы, пра выгляд беларускае візы. Да ліпеня 1999 году на яе наклейвалі налепку з выяваю лукашэнкавага герба, каб не было відаць выявы "Пагоні". Візаў з "Пагоняй" у свой час было выраблена так шмат, што хапіла на чатыры гады пасьля рэфэрэндуму 95-га году.

XS
SM
MD
LG