Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 жніўня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

(эфір 9 жніўня)
Спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэньня Ларысы Геніюш. У Зэльве, дзе легендарная паэтка жыла пасьля свайго вызваленьня ў 1956 годзе з канцлягеру, у мінулую нядзелю прайшлі даволі вялікія юбілейныя ўрачыстасьці. А вось сталіца сёньня сьвяткуе надзвычай сьціпла.

З усіх менскіх газэтаў толькі дзьве адгукнуліся сёньня на юбілейную дату знакамітае пясьняркі-патрыёткі. «Белорусская деловая газета» зьмясьціла тры інтэрвью зь людзьмі, якія ведалі Ларысу Геніюш. А "Народная Воля" перадрукавала жыцьцяпіс паэткі. Вось і ўсё. Праўда, сюды трэба яшчэ дадаць публікацыі пятнічнага тыднёвіка "Літаратура і мастацва" ды суботняга нумару "Звязды".

Грамадзкіх пашанотных імпрэзаў з нагоды 90-годзьдзя легенды беларускае гісторыі ХХ стагодзьдзя сёньня ў сталіцы яшчэ меней, чым публікацыяў. На амаль двухмільённы Менск зладжаная толькі адна вечарына, ды й тое ў маленькай залі кінатэатру "Змена". Але колькасны недахоп ейныя арганізатары – менская гарадзкая рада Таварыства Беларускае Мовы – перакрылі высокім узроўнем шчырасьці ды цеплыні шанаваньня любімае паэткі. Нечаканымі інтымнымі прызнаньнямі, як пісьменьнік Уладзімер Арлоў. Ён прызнаўся, што быў закаханы ў Ларысу Геніюш, але іх падзяляла ўзроставая бездань, і маладома тады пісьменьніку заставалася толькі марыць, што ў новым сваім жыцьці ён зноў сустрэне паэтку ўжо ў сугучным з ягоным узросьце.

Далікатнымі ўспамінамі пра апошнія дні паэткі. Як мастацтвазнаўца Элеанора Вецер, якая па чарзе са сваімі сяброўкамі, даглядала Ларысу Геніюш у гарадзенскай лякарні пад час цяжкое пакутлівае хваробы ды дзівіліся мужнасьці паэткі. Яна післа вершы нават у тыя цяжкія дні, калі жыць заставалася ўжо зусім мала, калі жыла яна толькі пад ўзьдзеяньнем моцных абязбольваючых сродкаў, прасіла паперу ці проста казала: "Паслухай вось і запомні". Слухалі і запаміналі дактары і мэдычныя сёстры. "Тыя вершы яшчэ трэба адшукаць", – сказала Элеанора Вецер.

Але найбольш гучала вершаў. Пераважна зь першай кнігі паэткі – "Ад родных ніў", факсымільна перавыдадзеныя томікі якое тут жа й прадаваліся.

А барда Пётра Русава найперш хвалююць мужныя радкі лягерных вершаў паэткі. Іх сьпяваць ён выйшаў у адмысловай вопратцы, стылізаванай пад турэмную робу і з зэкаўскім нумарам Ларысы Геніюш…

А яшчэ ўдзельнікі вечарыны глядзелі дакумэнтальны фільм рэжысэра Гайдука "Вянок цярновы васілька". Родная хата паэткі на экране натхніла іх рупіцца адчыніць у ёй музэй да стагадовага юбілею.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG