Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 жніўня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Тым часам, як сельская гаспадарка Беларусі прыходзіць у заняпад, у Шчучынскім раёне Гарадзенскае вобласьці паводле ўзаемнае дамоўленасьці беларускага ўраду й галяндзкіх фэрмэрскіх аб'яднаньняў пачала працу першая аграрная міні-калёнія галяндзкіх фэрмэраў, якая займаецца вырошчваньнем расады трускалак.

Ідэя сумеснага праекту ўзьнікла яшчэ два гады таму, але праз традыцыйную неразваротлівасьць беларускага чынавенства да рэалізацыі справа не даходзіла. Магчыма, іншы бок, пабачыўшы такую інэртнасьць, адмовіўся б ад праекту яшчэ на стадыі перамоваў, але галяндцы выявілі настойлівасьць.

Параўнаўча нядаўна ўрад Нідэрляндаў абвесьціў пра пачатак 5-гадовае праграмы скарачэньня на чвэрць усіх фэрмэрскіх гаспадарак дзеля вызваленьня сельскагаспадарчых земляў пад паркі, лясы ды іншыя карысныя плошчы. З-за вялізнае перавытворчасьці харчовых тавараў фэрмэрства перастала быць жыцьцёвай неабходнасьцю. Самім фэрмэрам, у сваю чаргу, акрамя значнай матэрыяльнай кампэнсацыі была прапанаваная альтэрнатыўная праграма перанавучаньня й працаўладкаваньня ў іншых сфэрах.

Але значная частка адмовілася кідаць працу на зямлі й запатрабавала ад ураду пошуку іншых шляхоў. Спробы працаўладкаваць незгаворлівых земляробаў за межамі Галяндыі былі, як правіла, бязвыніковымі – аграрыі ў іншых краінах Заходняй ды Ўсходняй Эўропы рашуча пратэставалі супраць відавочнае канкурэнцыі. Таму альтэрнатыва ў выглядзе малазнаёмай, але не асвоенай у сэнсе культурнага земляробства Беларусі была ўспрынятая зь цікаўнасьцю.

Пачаліся перамовы, якія, зрэшты, ледзь не адразу зайшлі ў тупік. Галяндзкі бок настойваў на перадачы шэрагу земляў у прыватнае карыстаньне. Беларускі, спасылаючыся на заканадаўства, адмаўляўся. Нарэшце, наважыліся распачаць невялікі праект на правох арэнды 120 гэктараў зямлі ў Шчучынскім раёне Гарадзенскае вобласьці. Гэтае месца, паводле дасьледваньняў спэцыялістаў, найбольш адпавядае кліматычным умовам і структуры галяндзкіх глебаў.

Камэнтуе куратар акцыі, кансультант сакратарыяту МЗС Беларусі Ўладзімер Собалеў:

"Пакуль ідзе першы этап без масавага пераезду перасяленцаў. Гаворка йдзе пра некаторыя фірмы, якія займаюцца вырошчваньнем трускалак і расады. У выпадку, калі праект разгорнецца больш шырака, пачнецца другі этап: будаўніцтва сьвінакомплексаў, птушкафабрыкаў, пачнецца вырошчваньне збожжавых, бульбы й г.д., але пакуль усё зьвязваецца з посьпехам або правалам цяперашняга праекту".

(Карэспандэнт: ) "Але чаму такой не зусім уласьцівай справаю займаецца МЗС? Прынамсі, у больш профільнай установе – Міністэрстве сельскае гаспадаркі – пра галяндзкі праект нічога не ведаюць".

(Собалеў: ) "Нашае міністэрства існуе на дзьвюх базах: уласна Міністэрства замежных справаў і былога Міністэрства замежнаэканамічных сувязяў, якое займалася прыцягненьнем замежных інвэстыцыяў у Беларусь. Сапраўды, зараз увесь цяжар пытаньня перайшоў з Гаагі, дзе яно ўпершыню паўстала, у Менск. Так, ёсьць праблемы. Мы прыкладаем усе намаганьні, але, на жаль, не заўсёды здольныя зрабіць тое, што, лічым, карыснае для дзяржавы".

Гэта было меркаваньне кансультанта сакратарыяту МЗС Уладзімера Собалева.

Акрамя перадавых тэхналёгіяў, культуры земляробства ды, нарэшце, працаздольных кадраў, Нідэрлянды гатовыя ўкласьці ў развіцьцё беларускае сельскае гаспадаркі амаль $20 млн. Але – пры ўмове пасьпяховай рэалізацыі праекту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG