Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 жніўня 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Аляксандар Лукашэнка на Гарадзеншчыне. Заехаў і ў калгас у Лідзкім раёне, і на лідзкі завод, дзе вырабляюць камбайны. Карацей, паездка ў рэчышчы штогадовае бітвы за ўраджай.

Прыезд Лукашэнкі можа выклікаць непаразуменьне. Напярэдадні ўвесь час паведамлялася, што гэта будзе рабочая паездка, праграма якой, як падкрэсьлівалася, да апошняга часу ня вызначана. Адно было дакладна вядома, што Лукашэнка заедзе ў калгас "Азёры" Гарадзенскага раёну. І, магчыма, у Горадню, дзе да сустрэчы высокага госьця рыхтуецца мясакамбінат.

Зважаючы на гэткую няпэўнасьць у зьвестках, можна, канешне, было рабіць здагадкі – напрыклад – наконт магчымых тэрарыстаў, якія не павінны ведаць загадзя маршрут Лукашэнкі. Аднак, мяркуючы па ўсім, праграма да апошняга моманту не была вызначана, бо не было канкрэтнае мэты паездкі. Мэту трэба было яшчэ прыдумаць.

Яшчэ ўвесну Лукашэнку чакалі на некалькіх гарадзенскіх прадпрыемствах, дзе ён мусіў быў паглядзець, як ажыцьцяўляецца канвэрсійная праграма. Аднак ён не прыехаў.

Мэта сёньняшняе паездкі ўсё ж была акрэсьлена. У рэшце рэшт Аляксандар Рыгоравіч заехаў у лідзкі калгас "Бердаўка", каб паглядзець, як там з ураджаем рапсу, зь якога атрымліваюць расьлінны алей. Каронным нумарам праграмы для ўсіх чыноўнікаў у Лідзе зьяўляецца завод "Лідааграпраммаш", на якім пачалі зьбіраць нямецкія збожжаўборачныя камбайны. Прычым, вельмі добрыя.

Пікантнасьць сытуацыі ў тым, што на прыканцы ліпеня прадпрыемства наведаў міністар сельскае гаспадаркі Папоў. Ён таксама , як і Лукашэнка, аглядаў новы камбайн. Міністар паставіў задачу, каб да 10 жніўня было выпушчана 100 камбайнаў. Атрымалася, што сёньня – якраз 10 – Лукашэнка прыехаў пракантраляваць, як выканана заданьне міністра. Мэта дасягнутая: сёньня быў сабраны апошні – соты камбайн.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG