Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 жніўня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Дэлегацыя Бюро дэмакратычных ініцыятываў і правоў чалавека прыбыла ў Менск ня дзеля таго, каб весьці палеміку з афіцыйнымі ўладамі або палітычнай апазыцыяй. Галоўная яе мэта – атрымаць адказ на пытаньне, ці можна яшчэ нешта зьмяніць у Беларусі да 30 жніўня, калі будзе прынятае канчатаковае рашэньне наконт накіраваньня міжнародных назіральнікаў на парлямэнцкія выбары ў Беларусь. Такую пазыцыю дэлегацыі акрэсьліў сёньня ейны кіраўнік Храйар Баліан.

Першы працоўны дзень міжнародных экспэртаў пачаўся сустрэчаю зь сябрамі Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў. Менавіта на ёй спадар Баліан і паведаміў пра падыход дэлегацыі да беларускага пытаньня:

(Баліан: ) "Нашая праца не палягае ў тым, каб прызнаваць або не прызнаваць паўнамоцнасьць ворганаў, якія выбіраюцца. І мы нідзе не кажам, што мы прызналі або не прызналі вынікі выбараў. Мы проста выкладаем факты паводле дзейнага заканадаўства. Мы даем магчымасьць жыхарам, грамадзянам і кіраўніцтву краіны прызнаць або не прызнаць выбары. Але нашыя справаздачы, ацэнкі, аналіз выкарыстоўваюцца іншымі міжнароднымі арганізацыямі для фармаваньня іхнае пазыцыі адносна выбараў".

Гэта быў кіраўнік дэлегацыі Бюро дэмакратычных ініцыятываў і правоў чалавека – структурнага аддзелу АБСЭ Храйяр Баліан.

Удзельнікі сёньняшняга паседжаньня Кансультацыйнае рады, у прыватнасьці, Анатоль Лябедзька, Станіслаў Шушкевіч, Леанід Лемяшонак ды іншыя, засяродзілі ўвагу дэлегацыі на двух асноўных момантах. Першае – прысутнасьць або адсутнасьць міжнародных назіральнікаў на маючых адбыцца выбарах у "Палату прадстаўнікоў" для палітычнай апазыцыі зараз пытаньне №1. І другое: на думку выступоўцаў, зараз у Беларусі няма праўных і палітычных умоваў для прыезду назіральнікаў.

У пацьверджаньне прадстаўнікі апазыцыі прыводзілі шэраг фактаў. Анатоль Лябедзька, напрыклад, паведаміў, што Аб'яднаная Грамадзянская партыя 6 разоў афіцыйна зьвярталася да кіраўніцтва дзяржаўнае тэлевізіі з просьбаю даць магчымасьць выказаць сваю пазыцыю. Не атрымаўшы аніякага адказу ні на водзін зварот партыйнае кіраўніцтва напісала скаргу ў пракуратуру. Учора з пракуратуры прыйшоў адказ: ліст перададзены на разгляд… (куды б вы думалі?..) кіраўніцтву тэлевізіі.

А Леанід Лемяшонак перадаў дэлегацыі адмысловы ліст, у якім прыводзіцца шмат фактаў уціску беларускіх прафсаюзаў з боку ўладаў.

На прыканцы размовы Храйар Баліан асабліва падкрэсьліў, што нават прыезд міжнародных назіральнікаў не азначае аўтаматычнага прызнаньня вынікаў выбараў. Такая пазыцыя выклікала адпаведны адказ з боку лідэраў апазыцыйных партыяў. Уладзімер Нісьцюк – удзельнік сёньняшняга паседжаньня, у прыватнасьці, вельмі насьцярожана ставіцца да такога кроку.

(Нісьцюк: ) "Я б хацеў нагадаць і буду нагадваць увесь час той прэцэдэнт, які адбыўся ў пачатку 1997 году. Калі мы прыехалі ў Вену на паседжаньне Пастаяннага камітэту Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, пытаньне стаяла так – ці дэлегацыя Вярхоўнага Савету афіцыйна будзе прызнаная, ці яе заменяць на дэлегацыю Палаты прадстаўнікоў. Нас заслухоўвала мандатная камісія, і потым на паседжаньні Пастаяннага камітэту пытаньне было вырашанае. Гаўера Рупэрас, ён тады быў старшынём Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, паставіў пытаньне Одры Гловер, кіраўніцы Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека, чаму яна не накіравала ў Беларусь сваіх назіральнікаў на рэфэрэндум. І яна яму адказала: "У нас не было юрыдычных падставаў бачыць гэтую акцыю як легітымную, бо мы мелі шмат матэрыялаў, якія сьведчылі, што гэты рэфэрэндум ня можа быць прызнаны абавязковым і ня можа быць прызнаны легітымным". І вось гэтая заява была рашаючай пры прыняцьці рашэньня Пастаяннага камітэту прызнаць легітымнай дэлегацыю Вярхоўнага Савету, а не Палаты прадстаўнікоў. Таму калі зараз ідзе размова, што можна накіраваць міжнародных назіральнікаў, а потым не прызнаць легітымным той ці іншы выбарчы фарс, дык я бачу, што пад гэтым няма рацыі і падставы".

Гэта быў намесьнік старшыні БСДП "Народная Грамада" Ўладзімер Нісьцюк.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG