Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 жніўня 2000 г.


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Сёньня пінскі гарвыканкам адмовіў старшыні мясцовай філіі Беларускага Гэльсынскага камітэту Віктару Ярашуку ў разьмяшчэньні на тэрыторыі гораду незалежнай газэты "Правінцыя". Ужо больш за год спадар Ярашук змагаецца з пінскімі ўладамі за сваё канстытуцыйнае права свабодна выказваць свае меркаваньні.

Яшчэ летась у чэрвені два вядомыя ў Пінску журналісты Фёдар Сыцін і Пятро Цішук разам са старшынём гарадзкога аддзяленьня Гэльсынскага камітэту накіравалі ў пінскі гарвыканкам заяву з просьбай даць дазвол на разьмяшчэньне ў горадзе новай незалежнай газэты "Правінцыя". Цягам году заснавальнікі атрымалі дзьве адмовы з гарвыканкаму і адну з аблвыканкаму. Цікава, што адмова была патлумачаная тым, што ў Пінску зараз выдаецца 7 пэрыядычных выданьняў, якіх, на думку выканкаму, дастаткова, каб асьвятляць падзеі ў горадзе.

15 сакаавіка сёлета справу разглядаў пінскі суд, які пакінуў рашэньне выканаўчай улады бяз зьменаў. Не дапамагло і тое, што ў свой час у падтрымку "Правінцыі" выказалісся такія вядомыя людзі з замежжа, як Ганс Георг Вік і Марэк Навіцкі.

Пасьля гэтага спадар Ярашук зарэгістраваўся прадпрымальнікам і падаў у выканкам заяву на разьмяшчэньне газэты ўжо асабіста ад сябе.

І вось сёньня ізноў адмова. Цікава, што ў выканкамаўскім лісьце, падпісаным старшынём Васілём Шустом, адмова ніяк не патлумачаная. Проста гарвыканкам не дае згоды на разьмяшчэньне газэты на тэрыторыі гораду. Паводле нашай інфармацыі, папярэдне падрыхтаваны супрацоўнікамі гарвыканкаму праект рашэньня аб разьмяшчэньні газэты, утрымліваў станоўчы адказ, але ў часе абмеркаваньня спадару Ярашуку вырашылі адмовіць. Больш за тое, пад час паседжаньня выканкаму заснавальнік спадар Ярашук папрасіў сакратарку запрасіць яго на паседжаньне, калі будзе разглядацца пытаньне аб дазволе на газэту, і знаходзіўся ў гарвыканкаме ў суседнім пакоі, аднак да абмеркаваньня так і ня быў запрошаны.

Сам Віктар Ярашук, які зьбіраецца балятавацца на восеньскіх выбарах, пракамэнтаваў рашэньне выканкаму так:

(Ярашук: ) "Мясцовыя ўлады перад выбарамі баяцца, каб у горадзе была незалежная газэта. Яны добра разумеюць: калі будзе газэта, народ даведаецца аб сапраўдным становішчы, якое зараз у нас у Пінску і ў Беларусі. Таму яны баяцца. Недарма ў прыватнай размове са мной старшыня гарвыканкаму Васіль Шуст заявіў, што пасьля выбараў газэту яны мне дазволяць адкрыць літаральна на наступны дзень".

А самі мясцовыя дэпутаты заяўляюць, што будуць падтрымваць на выбарах цяперашняга дэпутата "палаты" Анатоля Волкава.

Варта дадаць, што падобную барацьбу вядзе яшчэ адна вядомая журналістка з Пінску Валянціна Наварыч, якая хоча зарэгістраваць у горадзе бясплатны дадатак да "Народнай Волі" "Палескі край". Некалькі месяцаў чыноўнікі з выканкаму накіроўваюць спадарыню Наварыч з гарвыканкаму ў райвыканкам і наадварот. Пры гэтым гарвыканкам кажа, што "Палескі край" трэба рэгістраваць у райвыканкаме, а райвыканкам накіроўвае жырналістаў у гарвыканкам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG