Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 жніўня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Фінансавыя ворганы пагражаюць закрыць банкаўскі рахунак "Белпрафсаюзкурорту". Пра гэта паведаміла сёньня кіраўніцтва санаторна-куротных установаў Фэдэрацыі прафсаюзаў.

Сёньня "Белпрафсаюзкурорт" атрымаў прадпісаньне фінансавых уладаў, у якім паведамляецца пра намер "арыштаваць" у бліжэйшы час ягоны банкаўскі рахунак. Напярэдадні ў гэтую прафсаюзную фірму зачасьцілі дзяржаўныя кантралёры.

Намесьнік генэральнага дырэктара Аляксандар Казак паведаміў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі, што, у прыватнасьці, падатковыя ворганы шукалі факты фінансавых злоўжываньняў:

(Казак: ) "Прадстаўнікі падатковай інспэкцыі Цэнтральнага раёну ўчора пайшлі, пратакол падпісалі, крамольных зьяваў у нас ня выявілі абсалютна ніякіх. На гэтым і разьвіталіся. Але сёньня вось зноў працягваюць працу. Хочуць закрыць рахунак.

А гэта удар па людзях. Прычым, ня столькі па кіраўніцтву прафсаюзнае фірмы. Нас у цэнтральным апараце ўсяго блізу 20 чалавек. Найперш, гэта адбіваецца на тых людзях, якія адпачываюць", – паведаміў Аляксандар Казак.

Паводле ягоных зьвестак, у санаторна-курортных установах Фэдэрацыі прафсаюзаў штомесяц адпачывае 6 тысячаў чалавек. Большая частка прафсаюзных пансіянатаў і дамоў адпачынку карыстаецца папулярнасьцю. Ва ўсялякім разе ўлетку, паводле словаў намесьніка кіраўніка "Белпрафсаюзкурорту", ніводзін прафсаюзны санаторый не пустуе.

Дарэчы, самі прафсаюзы зараз не займаюцца разьмеркаваньнем пуцёвак: два гады таму зь ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі гэтую справу манапалізавала дзяржава. І вось цяпер, выглядае, Лукашэнка ініцыяваў яшчэ адзін працэс. А менавіта, улада імкнецца адабраць здраўніцы ў прафсаюзаў і перадаць іх ва ўласнасьць дзяржавы.

Як лічаць прадстаўнікі Фэдэрацыі прафсаюзаў, улады ўжо пачалі падрыхтоўку грамадзкае думкі. Дзеля гэтае мэты скарыстаныя, у прыватнасьці, пансіянат "Сьвіцязь", лёс якога пад час прафсаюзнага кіраваньня, паводле сьцьвярджэньняў афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі, быў нібыта надта гаротным. Фэдэрацыя прафсаюзаў з такой трактоўкай не пагаджаецца.

Гаворыць Аляксандар Казак:

(Казак: ) "Што тычыцца "Сьвіцязі", дык мушу сказаць – ня ўсё так драматычна выглядае, як мы чулі. Пацьверджаньнем таму хаця б такі факт. Калі нядаўна праходзілі ўрачыстасьці з нагоды юбілею Адама Міцкевіча, дык яны адбываліся ў гэтай здраўніцы. Калі б там было зусім непрывабна, я мяркую, замежных гасьцей туды не запрасілі б", – зазначыў сёньня нашаму радыё намесьнік генэральнага дырэктара "Белпрафсаюзкурорту" Аляксандар Казак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG