Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 жніўня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Усенародны рэфэрэндум, ініцыяваны прадстаўнікамі Каардынацыйнае рады дэмакратычных сілаў, будзе мець характар акцыі ў падтрымку чатырох вядомых патрабаваньняў АБСЭ ды іншых міжнародных структураў. Ініцыятыўныя групы плянуюць пачаць збор подпісаў грамадзянаў напрыканцы жніўня ці ў пачатку верасьня.

Паводле рашэньня Каардынацыйнае рады створаная рабочая група ў справе падрыхтоўкі да рэфэрэндуму, якую ўзначаліў намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч.

Цяпер ідзе фармаваньне ініцыятыўных групаў, якія плянуецца стварыць у 22 рэгіёнах краіны, а таксама выпрацоўваюцца ўзоры пытаньняў, за якія будзе прапанавана падпісацца выбаршчыкам. Бо, на думку арганізатараў гэтай акцыі, чатыры вядомыя патрабаваньні АБСЭ (дэмакратызацыя выбарчага заканадаўства, пашырэньне паўнамоцтваў парлямэнту, допуск апазыцыі да дзяржаўных СМІ ды стварэньне ў краіне клімату даверу), мусяць быць выкладзеныя ў зразумелай для людзей форме. Канчатковы ўзор пытаньняў Каардынацыйная рада плянуе зацьвердзіць ужо на наступным тыдні. Паводле словаў Віктара Івашкевіча, збор подпісаў грамадзянаў пачнецца прыкладна праз два тыдні.

Адзін зь ініцыятараў рэфэрэндуму, лідэр АГП Анатоль Лябедзька паведаміў, што збор нейкае пэўнае колькасьці подпісаў ня ёсьць самамэтаю. Галоўнае, на ягоную думку – дайсьці да тых 50 адсоткаў выбаршчыкаў, якія яшчэ ня вызначыліся ў сваіх палітычных сымпатыях, ды патлумачыць ім, што заплянаванае ўладамі на кастрычнік галасаваньне ня ёсьць сапраўднымі выбарамі. Хаця сябры ініцыятыўных групаў і будуць імкнуцца схіліць на свой бок як мага большую колькасьць выбаршчыкаў.

Арганізатары рэфэрэндуму ня будуць рэгістраваць свае ініцыятыўныя групы ў Цэнтарвыбаркаме і праводзіць нейкае афіцыйнае галасаваньне, бо перакананыя, што ўлады ўсё роўна гэтага не дапусьцяць. У апазыцыянэраў іншыя мэты. Гаворыць лідэр АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "У гэтай акцыі будуць ня столькі прававыя, юрыдычныя наступствы, сколькі палітычныя. Гэта насамрэч акцыя, якая павінна прадэманстраваць уладам, што значная колькасьць насельніцтва краіны падтрымвае гэтыя чатыры варункі, ад якіх адмаўляецца ўлада. Па-другое, гэта таксама апэляцыя да міжнароднай супольнасьці. Я не выключаю, што копіі гэтых сабраных подпісаў будуць перададзеныя ў АБСЭ ды іншыя міжнародныя арганізацыі, што ініцыянавалі высоўваньне чатырох умоваў".

Паведаміў Анатоль Лябедзька.

А вось меркаванье адносна ідэі рэфэрэндуму кіраўніка рабочае групы, якая займаецца ягонай падрыхтоўкаю, Віктара Івашкевіча:

(Івашкевіч: ) "Пад гэта павінны падвязацца ўсе наяўныя сілы Кангрэсу дэмакратычных сілаў, якія ёсьць, і на рэгіёнах яны павінны паміж сабой увайсьці ў сувязь, і пасьля, калі спатрэбіцца – праз год, праз паўгады – хуценька сабраць подпісы за вылучэньне адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў. У прынцыпе, сама гэтая апэрацыя – гэта і ёсьць падрыхтоўка ды генэральная рэпэтыцыя да правядзеньня празыдэнцкай кампаніі".

Лічыць спадар Івашкевіч.

Такім чынам, заплянаваная Каардынацыйнай радаю дэмакратычных сілаў акцыя ня будзе рэфэрэндумам у звыклым разуменьні. Менавіта з такім фарматам правядзеньня гэтае кампаніі пагадзіліся ўсе сябры Каардынацыйнае рады, у тым ліку й прадстаўнікі сацыял-дэмакратычнае "Народнае Грамады".

Разам з гэтым рэфэрэндумам аб'яднаная апазыцыя плянуе правесьці ўвосень і назіраннье за ходам галасаваньня ў гэтак званую "Палату прадстаўнікоў", а таксама вулічныя ды іншыя акцыі пратэсту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG