Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 08 жніўня 2000 г.


Мікола Іваноў

"Вярхоўны лідэр Ірану замахваецца на свабоду" – пад такім загалоўкам брытанская газэта The Guardian друкуе камэнтар на тэму апошніх падзеяў у іранскім парлямэнце.

Вярхоўны лідэр Ірану аятала Алі Хамэнэі, піша The Guardian, загадаў парлямэнту, які кантралююць рэфарматары, адмовіцца ад свайго абяцаньня пашырыць свабоду слова і аднавіць раней забароненыя прагрэсыўныя выданьні.

Пастанова Хамэнэі супярэчыць надзеям мільёнаў іранскіх выбаршчыкаў, якія падчас парлямэнцкіх выбараў у лютым прагаласавалі за рэфарматараў – прыхільнікаў свабоды сродкаў масавай інфармацыі. Пазыцыя Хамэнэі таксама адлюстроўвае канфлікт паміж аяталай і прагрэсыўным прэзыдэнтам краіны Магамэдам Хатамі.

Хамэнэі накіраваў парлямэнтарыям ліст, у якім, у прыватнасьці, гаворыцца: "Калі ворагі пранікнуць у прэсу, гэта будзе вялікай пагрозай для бясьпекі краіны і рэлігійных перакананьняў народу… Я не магу маўчаць з нагоды падобнай несправядлівасьці… Праект закону нелегітымны, ён супярэчыць інтарэсам нашай сыстэмы і рэвалюцыі".

Паводле канстытуцыі краіны, гаворыцца ў артыкуле брытанскай The Guardian, вярхоўны лідэр, якога абірае кола кансэрватыўных рэлігійных дзеячоў, мае вырашальнае слова ва ўсіх дзяржаўных справах. Але тое, што Хамэнэі выступіў так рэзка і так адкрыта, ўспрымаецца ў Іране як нечаканасьць.

Хамэнэі і раней называў некаторыі газэты "фарпостамі ворагаў". Існуючае заканадаўства дазваляла кансэрватарам зачыняць газэты, а іх рэдактараў аддаваць пад суд.

Але парлямэнтары-рэфарматары, якія цяпер маюць бальшыню ў парлямэнце, лічаць, што з дапамогай зьмены заканадаўства падобную практыку можна прыпыніць.

Адначасна, аднак, яны ўсьведамлялі сабе абмежаванасьць сваёй улады. Нават калі б за новае заканадаўства прагаласавала б бальшыня сяброў парлямэнту, і так яго павінна была б зацьвердзіць Рада Стражнікаў, камітэт кансэрватыўных мулаў і юрыстаў, якія маюць права вырашаць ці адпавядае новае законадаўства ісламскім законам.

Камітэт гэты ўжо не аднойчы выкарыстоўваў сваё права вэта ў дачыненьні да заканапраектаў, з якімі ён не згаджаўся па палітычных прычынах.

Выступаючы ў парлямэнце, піша The Guardian, Мехдзі Карубі, высокапастаўлены мула, якога сам аятала Хамэнэі прызначыў парлямэнцкім сьпікерам, заявіў: "Нашая канстытуцыя прадугледжвае элемэнты абсалютнай улады для вярхоўнага лідэра. Вы ўсе ведаеце і згаджаецеся з гэтым… Мы ўсе абавязаныя падпарадкавацца гэтаму правілу".

Апошнія падзеі спрыялі запанаваньню сярод рэфарматараў песымістычных настрояў. Некаторыя пачалі адкрыта выказвацца, што Ірану патрэбна яшчэ шмат гадоў, каб дасягнуць палітычнага плюралізму. Мохсэн Кадывар, прагрэсыўны рлігійны дзяяч, які нядаўна быў засуджаны да 18 месяцаў турмы за свае артыкулы, наступным чынам схакратарызаваў сытуацыю: "Мы жывем у краіне трэцяга сьвету. За намі 2500 гадоў дэспатызму. Зразумела, што на шляху да свабоды сустракаецца такі вялікі супраціў. Вярхоўная ўлада не паважае ні закон, ні рэлігійныя стандарты, ні грамадэкую думку. Але тое, што яны ўсяго толькі арыштоўваюць сваіх апанэнтаў, а не растрэльваюць іх, як гэта было раней, ужо зьяўляецца прагрэсам".

XS
SM
MD
LG