Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 жніўня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

(эфір 7 жніўня)
"Заўвага на словах" – такі прысуд вынесены сёньня намесьніку старшыні гарадзкой арганізацыі АГП Ўладзімеру Раманоўскаму за тое, што 1 жніўня разам зь іншымі асобамі ён бызвынікова намагаўся перадаць пэтыцыю ў Менскі гарадзкі выканкам. Раней за гэта ён правёў ноч у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку.

Уладзімер Раманоўскі пракамэнтаваў "Радыё Свабода" сёньняшні прысуд:

(Раманоўскі: ) "Можа, цяпер іншым людзям будуць даваць такія прысуды. Суд абверг выказваньні Чыкіна пра тое, што я нібыта быў арганізатарам пікету".

Уладзімер Раманоўскі ў адпаведнасьці з пратаколам, які быў складзены супрацоўнікамі Маскоўскага РАУСу, абвінавачваўся ў парушэньні артыкулу 167 часткі другой (арганізацыя або паўторны ўдзел у несанкцыянаванай акцыі).

У судовым паседжаньні намесьнік старшыні гарадзкой арганізацыі АГП патлумачыў, што 1 жніўня аніякага пікету ля будынку Менскага гарадзкога выканкаму не было. Была толькі спроба перадаць пэтыцыю ад імя дэмакратычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў гарадзкому кіраўніцтву. У гэтай пэтыцыі яны заклікалі ўлады не парушаць Канстытуцыю, згодна зь якой грамадзянам гарантавана права правядзеньня мірных сходаў, мітынгаў і шэсьцяў.

Амаль 5 гадзінаў разглядалася гэтая адміністрацыйная справа. Былі апытаныя некалькі міліцыянтаў, сьведкі з боку абароны і юрыст Менскага гарадзкога выканкаму.

Увесь гэты час у кабінэце судзьдзі знаходзіўся намесьнік кіраўніка Маскоўскага РАУСу спадар Кудзінаў і назіраў за працэсам. Напрыканцы судовага паседжаньня судзьдзі патэлефанілі супрацоўнікі міліцыі і папрасілі перадаць іхнаму начальніку, што, пакуль ён знаходзіўся ў судзе, у яго абрабавалі кватэру. Кудзінаў адразу пабег дахаты.

Судзьдзя вынес беспрэцэдэнтна мяккае для падобных справаў рашэньне – заўвага на словах. Акрамя гэтага, ён накіраваў ліст у Аб'яднаную Грамадзянскую партыю, каб сябры партыі правялі размову з Раманоўскім пра недапушчальнасьць парушэньня правапарадку. Яшчэ адзін ліст судзьдзя Антаневіч накіраваў у міліцыю, каб там своечасова рабілі заўвагі парушальнікам правапарадку.

XS
SM
MD
LG