Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 жніўня 2000 г.


Казімер Яноўскі, Гомель

Звыш чатырохсот пяцідзесяці прыватных дамоў, падворкаў, гародаў падтоплены вадою пасьля дажджоў у Навабеліцкім раёне Гомелю. Сапраўдная Венэцыя, якой гараджане не радуюцца.

Падтопленых дамоў і падворкаў хапае і ў іншых раёнах гораду. У Чыгуначным, напрыклад, называюць лічбу 86. Аднак гэта нашмат менш, чым у Навабеліцкім раёне, дзе ў простым сэнсе плаваюць ледзь не паўтысячы падворкаў – на 41-й вуліцы.

Але больш за ўсё пакутуюць ад вады жыхары з вуліцаў Лазо, Шандалава, Загародняй, Каапэратыўнай. Варта было сёньня зьвярнуць на проста-такі жахлівую вуліцу Загароднюю, як на сухія пятачкі паміж залітымі вадою выбоінамі, сталі выходзіць пэнсіянэры (мужчыны й жанчыны) у высокіх гумовых ботах.

Інвалід ІІ групы Марыя Панякова паказвае сваю старэнькую хатку пад нумарам 13, да якой мы дабіраемся па насьцілу з дошак. На падворку – паўкалены вады, сантымэтраў 10 яе – у сенцах і ў хаце на падлозе. Нямоглая бабуля марыць хоць памерці ў сухенькім, таму й просіць у кожнага перасяліць яе ў якую-небудзь аднапакаёвую кватэру, а хату – зруйнаваць бульдозэрам.

Іван Лісімаў з дому №8 паказвае вымаклы дашчэнту гарод, дзе дагніваюць пад вадою бульба, памідоры, іншыя культуры. Складана дабрацца з-за вады да хаты пэнсіянэркі Ганны Жукавай. Балота, дый годзе. У доме Валянціны Кавалёвай вада паднялася да гарэлкі газавага катла, і яна з дачкою і зяцем пасьля ўчорашняе вечаровае залевы палову начы вычэрпвала ваду вёдрамі, баючыся, што газавы кацёл можа ўзарвацца.

Адміністрацыя Навабеліцкага раёну і яе камунальны аддзел даволі вяла рэагуюць на пакуты жыхароў. Сьведчыць пэнсіянэрка, інвалід працы Марыя Салаўёва з дому №4:

(Салаўёва: ) "Ходзяць, адусюль ходзяць. Учара былі, прыехалі, нічога не маглі зьдзелаць. А што тады хадзіць? Пішыце да прэзыдэнта. А прэзыдэнт напіша, што ў вас свая ўласьць. Усё на ўласьць будзе. І ўсё. А вы як тапіліся, так і тапіцеся".

Авось што распавядае пра свой паход да намесьніка галавы раённай адміністрацыі спадара Васільева пэнсіянэр Іван Лісімаў:

(Лісімаў: ) "Хадзіў, хацеў зайсьці к замясьціцелю прэдсядацеля. Яны там сабе дзелаюць рамонт у гэтым… у прыёмнай. Я ў рабочых спрасіў, кажуць, яго нету. А на рамонт іхных кабінэтаў есьць дзеньгі".

Суразмоўца не дагаварыў – безнадзейна махнуў рукою. Адмысловыя машыны калі адпампуюць ваду, дык ненадоўга – да чарговага дажджу. Выйсьце – у будаўніцтве залеўнага калектару. Але на пракладку яго ані раённая адміністрацыя, ані гарадзкі выканкам сродкаў усё не знаходзяць.

XS
SM
MD
LG