Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 жніўня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Ужо больш як месяц мінуў з таго дня, як пры загадкавых абставінах у менскім аэрапорце зьнік апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі. Сьледзтва ў гэтай справе вядуць сьледчыя МУС і КГБ Беларусі разам з расейскімі сьледчымі ворганамі. Але станоўчых вынікаў пакуль няма.

У мінулы панядзелак пракурор рэспубліканскае транспартнае пракуратуры Мікалай Каралюк у інтэрвію агэнцыі "Интерфакс" паведаміў, што сьледзтва адпрацавала шмат вэрсіяў зьнікненьня Зьмітра Завадзкага і ў хуткім часе гэтае крымінальнае злачынства будзе раскрытае. Мы папрасілі пракамэнтаваць гэтае выказваньне карэспандэнта беларускага бюро ОРТ Зьмітра Наважылава:

(Наважылаў: ) "Якія падставы мае Каралюк, каб так сьцьвярджаць, мы ня ведаем, паколькі ўсе нашыя кантакты звычайна заканчваюцца адным – у нас няма ніякіх сьлядоў Завадзкага, і ягонае месцазнаходжаньне невядомае. Каралюк, наколькі я памятаю, пасьля выступу Аляксандра Лукашэнкі ўжо казаў у "Рэзанансе", што сапраўды ў хуткім часе гэтая справа будзе раскрытая. Я ня ведаю. Спадзяюся, што сапраўды ў Мікалая Каралюка ёсьць падставы, каб сьцьвярджаць, што хутка Завадзкі будзе знойдзены. Хочацца спадзявацца і верыць, што гэта сапраўды так. Але ў нашых гутарках з пракуратурай, у гутарках сям'і з пракуратурай мы не пачулі, што сапраўды ёсьць нейкія факты, нейкія матэрыялы, якія маглі б неяк наблізіць да знаходжаньня Зьміцера Завадзкага".

Паведаміў карэспандэнт ОРТ Зьміцер Наважылаў.

Кіраўніцтва ОРТ й калегі Зьмітра Завадзкага не падзяляюць аптымізму пракурора транспартнае пракуратуры. Тэлекампанія ОРТ плянуе днямі распачаць здымкі дакумэнтальнага фільма пра зьнікненьні людзей у Беларусі.

XS
SM
MD
LG