Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 жніўня 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Барысаў

У ізалятары часовага ўтрыманьня Барысаўскага гарадзкога аддзелу ўнутраных справаў ужо шосты дзень трымае галадоўку лідэр філіі БСДП "Народная Грамада" Аляксандар Абрамовіч. Туды ён зьмешчаны 3 жніўня на 15 сутак паводле судовага выраку, вынесенага адразу ж пасьля правядзеньня ў цэнтры гораду несанкцыяванага пікету. Пікетоўцы пратэставалі супраць палітычнага перасьледу іншадумцаў мэдычнымі сродкамі, што, на іхную думку, мае мейсца ў Барысаве.

Сёньня апоўдні Аляксандар Абрамовіч застаўся ў сваёй камэры адзін, бо яго пакінуў тутэйшы праваабаронца Ігар Леднік, асуджаны таксама 3 жніўня, але на пяць сутак, за правядзеньне 21 ліпеня не дазволенага ўладамі антыкарупцыйнага пікету. Спадар Леднік, дарэчы, адгаладаў увесь свой тэрмін арышту, пратэстуючы такім чынам супраць засільля карупцыі на прадпрыемствах Барысава.

Аляксандар жа Абрамовіч сваю галадоўку працягвае.

Учора асуджанага наведала ў ізалятары ягоная каляжанка па партыйнай арганізацыі Ларыса Грэбнева. Яе туды прапусьцілі пасьля таго, як яна паабяцала начальніку ГАУС палкоўніку Яўстаф'еву ўгаварыць Аляксандра Абрамовіча спыніць галадоўку. Тым больш, спадарыня Грэбнева несла для Аляксандра харчовую перадачу ад праваабарончай арганізацыі "Вясна".

Але заарыштаваны, паводле інфармацыі спадарыні Грэбневай, катэгарычна адмовіўся прымаць ежу, патрабуючы ад уладаў неадкладнага расьсьледваньня ды наступнага ўзбуджэньня крымінальнае справы паводле фактаў гвалту над парадзіхамі ў Барысаўскім радзільным доме й палітычнага перасьледу мэдычнымі сродкамі іншадумцаў.

Як паведаміла мне Ларыса Грэбнева, твар спадара Абрамовіча крыху пабляднеў, але сам ён галадоўку трымае годна й мужна, шмат жартуе. Гэтую ж інфармацыю для "Радыё Свабода" пацьвердзіў і намесьнік начальніка міліцэйскага ізалятару Міхал Беляновіч. Ён зазначыў, што ў выпадку крызыснай сытуацыі са здароўем заарыштаванага ўтрыманьне ў вязьніцы Аляксандра Абрамовіча будзе спыненае, ён будзе зьмешчаны ў гарадзкую больніцу.

Невядомыя спачувальнікі Аляксандра Абрамовіча перайшлі ад расклейваньня ўлётак у грамадзкіх мейсцах гораду да раскідваньня іх у паштовыя скрыні барысаўцаў. Ларыса Грэбнева мне паведаміла, што распачала стварэньне грамадзкай арганізацыі землякоў, якія пацярпелі ад мэдычнага гвалту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG