Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 жніўня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Камітэт фінансавых расьсьледаваньняў закрыў банкаўскі рахунак Кіраўніцтва справаў Фэдэрацыі прафсаюзаў. У выніку 120 супрацоўнікаў гэтае прафсаюзнае структуры засталіся без заробкаў.

Кіраўніцтва справаў Фэдэрацыі прафсаюзаў яшчэ ў ліпені пачало адчуваць на сабе жорсткі прэсынг з боку дзяржаўных фінансавых ворганаў. Вось што паведаміў сёньня нашаму радыё кіраўнік справаў Фэдэрацыі Анатоль Садоўскі:

"Пачалося гэта з праверак суб'ектаў гаспадараньня, якія арандуюць памяшканьні ў Доме прафсаюзаў. Іх у нас каля 25-ці. І яны былі правераныя ў пытаньні арэндных пляцяжоў. Нібыта Кіраўніцтва справаў Фэдэрацыі прафсаюзаў падвысіла памер плошчаў іхных памяшканьняў за кошт убудаваных шафаў. На думку прадстаўнікоў камітэту фінансавых расьсьледваньняў, не павінна налічвацца арэндная плата за выкарыстаньне гэтых шафаў.

Інакш кажучы, мы нібыта завышалі арэндныя плошчы ад паловы да паўтары квадратных мэтраў. Камэрцыйным структурам былі прад'яўленыя штрафныя санкцыі на той падставе, што яны нібыта пераплочвалі Кіраўніцтву справаў, а выдаткі заносілі на сабекошт і, тым самым, падвышалі кошт прадукцыі", – зазначыў Анатоль Садоўскі.

Пасьля гэтага Дзяржаўны камітэт фінансавых расьсьледваньняў запатрабаваў ад Кіраўніцтва справаў Фэдэрацыі неадкладна даць справаздачу фінансавае дзейнасьці. Садоўскі і ягоныя падначаленыя павінны былі літаральна за некалькі гадзінаў скласьці 29 аб'ёмістых бухгалтарскіх папак. Відавочна, у такі тэрмін яны не ўклаліся. Фінансавыя інспэктары тут жа вынесьлі жорсткае пакараньне: "Зачыніць банкаўскі рахунак!"

Паводле меркаваньня Анатоля Садоўскага, гэтае рашэньне безпадстаўнае. Нядаўна прафсаюзнае кіраўніцтва атрымала экспэртныя высновы зь бюро тэхнічнай інвэнтарызацыі Менску, паводле якіх аэндная плата за прафсаюзныя памяшканьні налічвалася слушна. Аднак камітэт фінансавых расьсьледваньняў на прафсаюзны пратэст не адрэагававаў. На думку Анатоля Садоўскага, не адрэагаваў таму, што фінансавыя ворганы выконваюць палітычны заказ уладаў.

Зразумела й тое, што кіраўніцтва справаў абрана аб'ектам чарговага антыпрафсаюзнага гвалту не выпадкова. Гэтая структура забясьпечвае гаспадарчую жыцьцядзейнасьць Фэдэрацыі – у тым ліку займаецца пытаньнямі паштовай і тэлефоннай сувязі, транспартам. Прыпыніўшы працу гэтых службаў, улады, на меркаваньне прадстаўнікоў прафсаюзаў, разьлічваюць паралізаваць дзейнасьць Фэдэрацыі.

XS
SM
MD
LG