Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 жніўня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(эфір 5 жніўня)
Пасланцы Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы мелі сустрэчы зь беларускімі палітычнымі вязьнямі: дэпутатамі Ўладзімерам Кудзінавым і Андрэем Клімавым.
Адвакатка Вольга Зудова не выключае, што яе падабаронны, былы міністар сельскае гаспадаркі Васіль Лявонаў выйдзе сёлета на волю па амністыі.
Удзельнікі пікету-напаміну пра зьніклых палітыкаў кажуць, што беларускія ўлады ня робяць усяго магчымага, каб адшукаць Захаранку, Ганчара, Красоўскага й Завадзкага.

Чарговая сустрэча пасланцоў Эўропы з дэпутатамі Вярхоўнага Савету Ўладзімерам Кудзінавым і Андрэем Клімавым, якія знаходзяцца ў вязьніцах, адбылася на гэтым тыдні. Спадары Дэйвіс, Свобада й Бэрант цікавіліся ўмовамі ўтрыманьня вязьняў, тым, як зь імі абыходзяцца ды іхнымі прэтэнзіямі да адміністрацыі калёніі, дзе сядзіць Кудзінаў, і сьледчага менскага ізалятару, дзе ўжо два з паловаю гады знаходзіцца Клімаў.

Пакуль невядома, ці выказвалі дэпутаты нейкія заўвагі на адрэсу турэмшчыкаў, затое ёсьць зьвесткі, што пасланцы ПАСЭ адзначылі мужнасьць Кудзінава й Клімава і запэўнілі іх, што не пакінуць без далейшае ўвагі іхныя справы, як і справы ўсіх вязьняў, каго на Захадзе лічаць перасьледуемымі паводле палітычных прычынаў.

Гэтую інфармацыю я атрымаў сёньня ад жонкі Кудзінава Зоі, якая ўчора ўдзельнічала ў сустрэчы беларускіх апазыцыянэраў з пасланцамі Эўропы.

(Кудзінава: ) "Дэйвіс сказаў, што яны асабіста будуць займацца справамі Клімава, Кудзінава і высунуць больш жорсткія патрабаваньні да нашага ўраду ў тым пляне, каб яны іх вызвалілі. Яле я думаю, што нашыя ўлады ня пойдуць на ніякія саступкі. Я на гэтай сустрэчы сказала, што галоўны прыярытэт нашых уладаў, гэта падман. Ня толькі на рэспубліканскім узроўні, але і на міжнародным".

Гэтак лічыць Зоя Кудзінава, і зь ёй цяжка не пагадзіцца. Яшчэ ніводны зь беларускіх палітычных вязьняў ня выйшаў з турмы датэрмінова, нікому прысуд ня быў палегчаны ў выніку касацыйнага разгляду.

Сёньня, дарэчы, споўнілася тры гады як барысаўскі судзьдзя Віктар Шэлепень зачытаў Ўладзімеру Кудзінаву прысуд, згодна зь якім дэпутат быў адпраўлены за краты на 7 гадоў. Палову з гэтага тэрміну ён ўжо адседзеў, напрацягу ўсяго гэтага году ўлады пераконвалі ўсясьветную грамадзкасьць, што хутка Кудзінава выпусьцяць, але гэтыя абяцаньні засталіся не рэалізаванымі.

Яшчэ адна, і бадай самая балючая тэма перасьледу беларускіх грамадзянаў паводле палітыкі, гэта тэма зьніклых. Прадстаўнікі Парлямэнцкай асамблеі ў выніковай заяве падкрэсьлілі, што й тут прагрэсу няма ніякага – ня бачна, каб беларускія ўлады сапраўды прыкладалі ўсе намаганьні, каб знайсьці Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага й Зьмітра Завадзкага.

Прычым, робіцца ўсё, каб гэтая праблема забылася, не "турбавала" грамадзтва. Да такое высновы, прыкладам, прыйшлі праваабаронцы з Цэнтру правоў чалавека пад кіраўніцтвам Веры Страмкоўскай, якія ў чацьвер праводзілі пікет-напамін пра лёс зьніклых у Беларусі.

Пікетоўцы падалі заяўку на правядзеньне сваёй акцыі ў цэнтры Менска, але дазвол атрымалі толькі на пікет побач з пляцам Бангалёр. "Тым, што нас адправілі пікетаваць у гаёк, дзе менчукі выгульваюць сабак – перш за ўсё аплявуха ўладаў самім сабе. Яны ўсяму сьвету паказалі, як беларуская кіраўніцтва ставіцца да лёсу зьніклых беларусаў, што шукаць іх па сапраўднаму ня хоча і нават баіцца", – заявіла кіраўніца Цэнтру правоў чалавека Вера Страмкоўская пасьля пікетаваньня.

На гэтым тыдні стваральнікамі навінаў зноў сталі Васіль Старавойтаў і Міхал Чыгір, якіх улады Беларусі таксама запісалі ў крымінальнікі за палітычную дзейнасьць. Былы старшыня калісьці лепшай у краіне сельскае гаспадаркі Васіль Старавойтаў паспрабаваў адсудзіць у свайго былога "Расьвету" пакет сваіх акцыяў, сканфіскаваны пасьля таго, як Старавойтава пасадзілі ў турму, але нічога з тае зацеі не атрымалася.

Кіраўскі раённы суд не аспрэчваў, што акцыі ў Стававойтава адабралі незаконна, але вырашыў, што сам ён скардзіцца ня меў права, бо лічыцца асуджаным. Аказваецца, адпаведную норму прыняў у 1993 годзе наш Вярхоўны суд. Васіль Старавойтаў зьбіраецца падаваць скаргу цяпер ужо ў абласны суд, а потым, магчыма, і міжнародныя судовыя інстанцыі, судзіцца зь Вярхоўным судом у Вярхоўным судзе лічыць немагчымым.

Падарунак ад Вярхоўнага суду атрымаў і Міхал Чыгір. Яму паведамілі, што ўжо прызначаны дзень касацыйнага разгляду ягонае справы – 18 жніўня. Усё было б добра, але праблема ў тым, што абвакаты Чыгіра ня скончылі азнаямленьне з пратаколам папярэдняга працэсу, ня ўнесьлі сваіх заўвагаў, без чаго перагляд паводле закону немагчымы.

Абаронца экс-прэм'ера, ягоная жонка Юлія Чыгір у прыватнасьці сьведчыць:

(Чыгір: ) "Нягледзячы на тое, што ў працэсуальна-крымінальным кодэксе напісана, што час для азнаямленьня з пратаколамі паседжаньняў не абмяжоўваецца, мне яго абмежавалі, а потым і пратаколы ў мяне адабралі і забаранілі знаёміцца. Я пратаколы паседжаньняў вывучыла толькі два тамы, а іх тры. І самы важны пратакол – па "Піаску" – ён застаўся непрааналізаваны. Я пазбаўленая магчымасьці ўнесьці нейкія свае заўвагі".

Казала Юлія Чыгір.

А яе муж, выказваючы свае меркаваньні наконт прычынаў такога прысьпешваньня, заяўляе, што ўлады хочуць падстрахавацца на выпадак, калі ён пойдзе балятавацца ў дэпутаты. Маўляў, Вярхоўны суд атрымаў загад прадубляваць ранейшы прысуд гарадзкога суду, каб абвесьціць яго асуджаным і зьняць зь перадвыбарчага марафону.

"Цікава, што я яшчэ ня вырашыў, ці варта мне змагацца за мандат дэпутата, а яны ўжо робяць нейкія прэвэнтыўныя крокі ў сваім звычайным стылі – насуперак нават тым законам, якія самі напісалі", – пракамэнтаваў падзею Міхал Чыгір.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG