Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 жніўня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Аб'яўленая ўладамі бітва за ўраджай у літаральным сэнсе набывае ваяўнічыя рысы. Адмысловымі загадамі абласных выканкамаў на буйных збожжавых сховішчах і элеватарах уведзеная ваенізаваная ахова.

Тое, што вялізныя аб'ёмы збожжа й дагэтуль раскрадаліся, так бы мовіць, на паўдарозе, ведаюць на ўсіх узроўнях дзяржаўнае ўлады. Але дагэтуль несуны не былі такой навалаю для кіраўнікоў сельскіх гаспадарак. Цяпер становішча нагэтулькі крытычнае, што загадамі абласных выканкамаў зь сёньняшняга дня на ўсім фронце гэтак званае "бітвы за ўраджай" кінутыя супрацоўнікі раённых аддзелаў унутраных справаў.

Між іншым, своеасаблівы фэномэн тлумачыцца досыць лёгка. Ніколі за апошнія 5 гадоў сытуацыя з выплатаю заробкаў сялянам не была такой складанай. Упершыню запазычанасьць калгасьнікам перавысіла фонд аплаты працы за месяц. Напрыканцы ліпеня гэтыя даўгі дасягнулі амаль 20 мільярдаў рублёў і склалі 75% ад запазычанасьцяў ва ўсіх галінах эканомікі. Нават паводле афіцыйных крыніцаў, толькі траціна калгасаў і саўгасаў своечасова выплочваюць грошы сваім працаўнікам.

Цяжка назваць сытуацыю здавальняючай нават у адносінах да тых, хто грошы зь невялікімі спазьненьнямі ўсё ж атрымлівае. Сярэднемесячны даход у сельскай гаспадарцы з пачатку года склаў крыху больш за 20 тысячаў рублёў. Існаваць на такія заробкі немагчыма. Таму і вымушаныя сяляне самі шукаць шляхі папаўненьня сямейнага бюджэту. Часта гэтыя шляхі незаконныя.

Адмысловыя загады абласных выканкамаў, згодна зь якімі мясцовых вартаўнікоў са шкоднымі звычкамі замяняюць ўзброеныя міліцыянты, звонку апраўданыя. У палове выпадкаў вартаўнік, гэтак жа, як і астатнія, ня маючы сродкаў да існаваньня, першы шукае, каму збыць калгаснае дабро. Начныя рэйды супрацоўнікаў міліцыі сьведчаць, што замест аховы вартаўнік часьцей за ўсё займаецца, так бы мовіць, гандлёвымі апэрацыямі.

У раённых выканкамах шкадуюць, што нельга пасадзіць міліцыянта на кожны аб'ект, бо тады праваахоўныя аддзелы будуць вымушаныя перакваліфікавацца й займацца толькі наглядам за збожжам. Але затое міліцыянтам разьвязаныя рукі ў справе рэгулярных начных праверак, аблаваў, засадаў ды іншых прыёмаў, што ўжываюцца пад час паляваньня на "несуноў".

Што тычыцца нэгатыўнага боку пераводу буйных збожжасховішчаў на ваенізаванае становішча, дык гэта – чаканьне чарговае хвалі пакараных за дробныя эканамічныя злачынствы. Затрыманыя зь мяшком камбікорму ці торбаю збожжа ўжо зараз складаюць большую палову ўтрыманцаў беларускіх калёніяў. Можна чакаць, што колькасьць, так бы мовіць, "сэзонных" злачынцаў, злоўленых за апэрацыі са збожжам, бліжэйшым часам вырасьце шматразова. Сёньня – толькі пачатак.

XS
SM
MD
LG