Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 07 жніўня 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

У латыска-беларускім памежжы пачаў працаваць Цэнтар беларускае культуры. Васіль Марковіч, Генэральны консул Беларусі ў латыскім Даўгаўпілсу (колішнім Дзьвінску), пасьля менскае нарады консульскіх супрацоўнікаў беларускіх дыпляматычных установаў за мяжою пацьвердзіў словы прэзыдэнта Латвіі Вайры Віке-Фрэйбергі, якія яна сказала ў інтэрвію нашаму радыё ў часе візыту ў Прагу – пра тое, што беларусы Латгаліі захавалі сваю культуру лепш, чым у самой Беларусі.

Васіль Марковіч, генэральны консул у Даўгаўпілсу, паведаміў, што ягоная консульская акруга ахоплівае якраз тую частку Латвіі, якая заўжды мела найбольш шчыльныя сувязі зь Беларусьсю. Яшчэ ў час СССР былы Дзьвінск быў, паводле словаў спадара Марковіча, нібы магніт, што прыцягваў да сябе беларускую моладзь, бо з Паставаў або Мёраў да Менску ці Віцебску каля 300 кілямэтраў, а да Даўгаўпілсу ўсяго трыццаць.

Летась кансулят выдаў прыблізна 26 тысячаў візаў. Шмат пытаньняў зьвязана з грамадзянствам, бо часта патрэбная царква ці касьцёл з адпаведным запісам пра народзіны знаходзіцца за мяжою, таму консулам даводзіцца дапамагаць грамадзянам у пошуку дакумэнтаў. Наогул, як зазначыў спадар Марковіч, "консул – гэта й пажарны, і лекар, і сьвятар". Што да беларускае дыяспары ў Латвіі, якая жыве зусім побач зь Віцебшчынаю, дык генэральны консул паведаміў:

(Марковіч: ) "У горадзе Даўгаўпілсу жыве зараз 12 адсоткаў беларусаў. Таму яны маюць нейкі ўплыў на жыцьцё гэтага гораду і згуртаваныя ў суполку, якая была зарганізаваная ў 1991 годзе (яна называецца "Ўздым"). Я хацеў бы паведаміць вам добрую навіну: упершыню ў Латвіі адкрыты Цэнтар беларускае культуры, які фінансуецца са сродкаў гораду. Гэтае адкрыцьцё адбылося таму, што беларуская суполка даказала сваю здольнасьць, сваю магчымасьць мець добры ўплыў на гарадзкія ўлады, мець зь імі добры кантакт, даказала, што яна працуе.

Ведаеце, калі знаходзісься за мяжою, дык свая нацыянальнасьць робіцца бліжэй, ты адчуваеш гэта вастрэй, чым тут, у Беларусі.

Яны з добрай душою зьбіраюцца, ладзяць канцэрты, фэстывалі. У гэтую вясну мы правялі Дні беларускае культуры, якія праходзілі ў рамках дзён славянскага пісьменства, і былі вялікія падзеі ў горадзе.

Гэта быў генэральны консул Беларусі ў Даўгаўпілсу Васіль Марковіч.

Яшчэ адной падзеяй стаў прыезд у Даўгаўпілс кіраўніка латвійскае дзяржавы спадарыні Віке-Фрэйбергі, пра які яна нават згадала ў часе візыту ў Чэскую Рэспубліку ў інтэрвію беларускай службе "Радыё Свабода". Вось што распавёў пра той прыезд спадар Марковіч.

(Марковіч: ) "Калі была прэзыдэнт Вайра Віке-Фрэйберга ў горадзе Даўгаўпілсу (гэта было 725-годзьдзе гораду), нашыя прадстаўнікі "Ўздыма" сустракаліся зь ёю. Яе вельмі ўразіла, што кіраўнік Цэнтру беларускае культуры добра размаўляе на латыскай мове, на беларускай мове, на расейскай мове, і ёй было вельмі прыемна, што беларусы маюць там сваю суполку, свой цэнтар. У беларускай суполцы ёсьць і нядзельная школка, дзе вучыцца 24 чалавекі зь ліку дзяцей нашых беларусаў".

Гаварыў Васіль Марковіч.

Ён дадаў, што ў тых 11 раёнах Латвіі, якія складаюць ягоную консульскую акругу, жывуць 580 тысячаў чалавек, і больш як дзясятая частка зь іх – 60 тысячаў – паходзіць зь Беларусі.

XS
SM
MD
LG