Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 07 жніўня 2000 г.


Валянціна Аксак, Зэльва–Менск

6 жніўня ў Зэльвенькай царкве асьвечаная памятная дошка ў гонар Ларысы Геніюш. Гэтая імпрэза адбывалася ў праграме сьвята з нагоды 90-годзьдзя легендарнае паэткі, якое прыпадае на 9 жніўня.

"На зямлі Беларускай мае алтары" – усклікнула некалі ў вадным са сваіх вершаў паэтка-патрыётка. Яе любоў да радзімы пры зямным жыцьці ня мела ўзаемнасьці.

Зрэшты, улады не зьмянілі сваіх адносінаў і пасьля сьмерці паэткі. Год таму, стоячы перад тэлекамэрамі на фоне саламяных сьціртаў, Аляксандар Лукашэнка паабяцаў пасьля жніва разабрацца з Ларысаю Геніюш. Разборка закончылася працягам забароны на творчую спадчыну паэткі і на памяць пра яе легендарную асобу.

Аднак, самаўладная забарона аказалася бязьсільнаю перад абуджаным гонарам і годнасьцю землякоў Ларысы Геніюш. Гэта яны дамагліся, каб цытаваны ўжо радок паэткі ўвекавечыўся на сьцяне Зэльвеньскае царквы. 6 жніўня надзвычайную ў гісторыі беларускае літаратуры падзею асьвяціў сакратар Гарадзенскае эпархіі айцец Анатоль. Разам з зэльвенскім сьвятаром айцом Аляксандрам ён адслужыў у царкве й ля магілы паэткі памінальныя набажэнствы.

Выканаўца абавязкаў старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Вольга Іпатава нагадала прысутным на могілках балючыя словы з успамінаў Ларысы Геніюш пра тое, што ніхто так люта ня зьдзекаваўся зь яе, як свае. Але цяпер яны сваімі справамі скупляюць сваю і чужую віну.

(Іпатава: ) "Таму схіляючы тут галаву, дарагая Ларыса Антонаўна, я хачу сказаць, што калі тут сёньня столькі людзей, столькі маладых, значыць ХХІ стагодзьдзе таксама будзе з Вамі".

Упэўненая Вольга Іпатава.

Блізкі сябар Ларысы Геніюш гісторык і пісьменьнік Міхась Чарняўскі нагадаў, што помнік паэтцы на магіле ўсталяваны на народныя грошы. Сабраныя тымі, каго яна вучыла…

(Чарняўскі: ) "Заўсёды адгукацца на вокліч, на які адгукаліся яны і ў Інце, у шахтах беларускія патрыёты. Жыве Беларусь!"

(Галасы: ) "Жыве!"

Гучэў у вадказ вокліч з вуснаў маладых землякоў паэткі, якія ў традыцыях старэйшых – таксама на народныя грошы – зладзілі ейнае шанаваньне.

Адзін зь іх – Юрась Качук, лідэр Зэльвэнскае раённае арганізацыі Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ. Ён сказаў на магіле паэткі:

(Качук: ) "Я працую, каб Вашыя словы зьдзейсьніліся. Паглядзіце, колькі ўжо Кастусёў у параўнаньні зь мінулым годам сабралася каля Вашых могілкаў, у параўнаньні з усімі гадамі".

І, нібыта прадчуваючы зьяўленьне новых Кастусёў, у вадным са сваіх перадсьмяротных вершаў паэтка напісала:

"Знача, ня дарам пурга дабівала,
сьмерць урывалася ў сны.
Знача, ня дарам за Вас я стаяла.
Дзякуй за сэрца – Сыны."

Што праўда, ня ўсе зэльвенцы вартыя гэтае падзякі. Раённая "вэртыкаль" спрабавала сарваць урачыстасьці. Выклікалі да сябе сьвятара й спрабавалі яму забараніць усталяваньне мэмарыяльнае дошкі, распаўсюджвалі абвесткі зь няслушным указаньнем дня й часу імпрэзаў. Калі гэтыя захады аказаліся марнымі, сабралі ўчора тэрміновую нараду, на якой пастанавілі не дапусьціць зьяўленьня ў мястэчку нацыянальных сьцягоў.

Але яны луналі й ля дому паэткі, і ля ейнае магілы, і нават у часе літаратурнае вечарыны ў доме культуры адбылася ўрачыстая перадача партыйнага сьцягу лідэру мяйсцовых адраджэнцаў Юрасю Качуку з рук сакратара ўправы КХП БНФ Алеся Чахольскага.

Дарэчы, быў на сьвяце са сваімі паплечнікамі, і сакратар Партыі БНФ Вячаслаў Сіўчык.

XS
SM
MD
LG