Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 07 жніўня 2000 г.


Казімер Яноўскі, Гомель

У мястэчку Бярозаўка Лідзкага раёну, на малой радзіме, пахавалі генэральнага дырэктара адкрытага акцыянэрнага таварыства «Гомельшкло» Ўладзімера Запольскага, забітага 4 жніўня ў Гомелі ў пад'езьдзе свайго дому.

Генэральны дырэктар Запольскі пад'ехаў да свайго дому па вуліцы Мазурава, 62-А на службовай аўтамашыне. Было гэта днём – каля 14 гадзінаў. Ён папярэдзіў кіроўцу Аляксандра Гарнастаева, што затрымаецца ненадоўга, возьме толькі што-небудзь перакусіць. Да сваёй кватэры Ўладзімер Запольскі не дайшоў некалькі мэтраў. На пляцоўцы паміж другім і трэцім паверхамі яго чакаў забойца.

У дырэктара стралялі ва ўпор. Пра прафэсіяналізм кілера сьведчаць нанесеныя раны – у галаву, шыю, сэрца. На месцы злачынства знойдзены тры гільзы калібру 7,65 мілімэтра. Так скончылася кар'ера 41-гадовага кіраўніка буйнейшага ў Беларусі прадпрыемства ў вытворчасьці шкла.

Папярэдняе сьледзтва, якое зараз вядзе група спэцыялістаў зь Менску й Гомелю пад кіраўніцтвам пракурора вобласьці Алега Палавінкі, дае падставу сьцьвярджаць, што забойства – заказное.

Стрэлаў ніхто выразна ня чуў. Адзіная сьведка – жанчына, якая зьвярнула ўвагу на прыглушаныя бахканьні, і чалавека, які бег уверх па лесьвіцы. Падпілаваныя краткі далі падставу сьцьвярджаць, што забойца (ці забойцы) перабраліся праз гарышча шмапавярховага дому ў іншы пад'езд і зьніклі.

Заказное забойства генэральнага дырэктара ўзрушыла горад.

У Гомель Уладзімер Запольскі прыехаў у травені 98-га году з роднай Бярозаўкі, дакладней, шклозаводу «Нёман», дзе працаваў намесьнікам дырэктара. Хаця прэтэндэнтаў на пасаду генэральнага дырэктара «Гомельшкла» было шмат, конкурс выйграў менавіта Запольскі, кандыдат эканамічных навук. На прадпрыемстве, аднак, лічылі, што ў кіраўнічае крэсла Запольскага «зьверху» праштурхнулі ўплывовыя асобы. Эканамічная сытуацыя на заводзе была цяжкою, з-за нявыплаты заробку рабочыя нават страйкавалі.

Лічачы, што папярэднія кіраўнікі давялі і сучаснае прадпрыемства да гаротнага стану, Уладзімер Запольскі ўзяўся сам вызначаць дзелавых партнэраў прадпрыемства і заключаць зь імі дамовы. Кіраўніка, у прыватнасьці, асаліва непакоілі падвышаныя цэны, па якіх прадпрыемства купляла за мяжою асобныя віды сыравіны. Узьніклі рознагалосьсі з уплывовымі трымальнікамі акцыяў. На дырэктара сталі звальваць усе беды й недахопы. Наколькі вядома, былі й пагрозы. Аднойчы нават ля дому Запольскага зьбілі.

Распавядаюць, што пасьля гэтага здарэньня генэральны дырэктар яшчэ болей замкнуўся і ня стаў асабліва нікому давяраць.

Апошнія месяцы жыцьця Ўладзімера Запольскага спрабуе зараз узнавіць сьледзтва, мяркуючы, што ягоная вытворчая дзейнасьць – галоўны ключ да разгадкі заказнога забойства.

XS
SM
MD
LG