Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 жніўня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў прыняла рашэньне пачаць збор подпісаў за правядзеньне Ўсенароднага рэфэрэндуму. Паводле словаў Анатоля Лябедзькі, які старшыняваў на паседжаньні, акцыя можа пачацца ў хуткім часе.

Галоўная мэта рэфэрэндуму, які мяркуе правесьці апазыцыя – падтрымка чатырох умоваў, што вылучаныя ўсясьветнай супольнасьцю для прызнаньня маючых адбыцца парлямэнцкіх выбараў у Беларусі дэмакратычнымі й свабоднымі. Як вядома, большасьць апазыцыйных партыяў ня лічыць магчым удзельнічаць у выбарах пры цяперашніх варунках. Для тлумачэньня сваёй пазыцыі і падтрымкі яе з боку жыхароў і прапанавана ініцыяваць рэфэрэндум.

Падрабязнасьці правядзеньня гэтай акцыі будуць абмеркаваныя Каардынацыйнай радаю дадаткова. А сёньня Рада вызначыла і іншыя кірункі сумесных акцыяў дэмакратычных сілаў. Гэта, у прыватнасьці, назіраньне за маючымі адбыцца выбарамі ў "Палату прадстаўнікоў" і фіксаваньне магчымых парушэньняў пры іхным правядзеньні. Вырашана ахапіць назіраньнем выбарчую кампанію ў Менску, усіх вабласных цэнтрах, а таксама ў яшчэ 22 гарадох, у якіх колькасьць жыхароў перавышае 50 тысячаў.

Што тычыцца сельскіх раёнаў, дык там назіраньне будзе ажыцьцяўляцца выбарачна.

У сьпісе сумеснае дзейнасьці на сёлетнюю восень значацца таксама масавыя акцыі ў Менску ды іншых буйных гарадох, акцыі салідарнасьці супольна з дэмакратычнымі сіламі Эўропы й сьвету, распрацоўка стратэгіі і тактыкі аб'яднанай дэмакратычнай апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах.

У гэтай частцы ўдзельнікі Каардынацыйнае рады маюць агульную пазыцыю. А вось што тычыца выбараў у "Палату прадстаўнікоў", дык тут адзінства няма. Пра гэта сьведчыць адзін з удзельнікаў сёньняшняе нарады, старшыня Менскай вабласной арганізацыі Аб'яднанае Грамадзянскае партыі Пётра Голасаў:

(Голасаў: ) "Сёньняшняе паседжаньне Каардынацыйнай рады можна лічыць выніковым – у значнай ступені многія пытаньні былі вырашаныя. Узьніклі між тым і некторыя складанасьці, якія тычацца ў асноўным асобнай пазыцыі Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай партыі "Народная Грамада". Тут, дарэчы, прысутнічалі яе кіраўнікі Статкевіч і Нісьцюк, якія даволі-такі жорстка адстойваюць пазыцыю ўдзелу сябраў партыі, якія б не прапагандавалі сваю прыналежнасьць да партыі, але як незалежныя кандыдаты маглі б удзельнічаць у гэтых выбарах. У многім гэтую пазыцыі можа падзяляць і Партыя працы спадара Бухвостава, але пераважная большасьць удзельнікаў даволі жорстка выказалася за няўдзел партыяў і за немагчымасьць удзелу сябраў партыі ў маючых адбыцца выбарах у "палату прадстаўнікоў".

Гэта быў Пётра Голасаў.

XS
SM
MD
LG