Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 жніўня 2000 г.


Віталь Тарас

"Спадар Старшыня! Дэлегаты і суграмадзяне! Я маю за гонар прыняць маё вылучэньне!" - гэтыя словы Джорджа Уілсана Буша, які даў згоду на вылучэньне яго кандыдатам у прэзыдэнты ЗША, з захапленьнем сустрэлі дэлегаты зьезду Рэспубліканскай партыі ў Філядэльфіі. Джордж Буш, які да гэтага асабіста не прысутнічаў на зьезьдзе, учора ўначы паводле эўрапейскага часу выступіў з кароткай праграмнай прамовай.

Джордж Буш-малодшы, які мае пасаду губэрнатара штату Тэхас заявіў у сваёй прамове, што ён хоча вярнуць павагу да палітыкаў у Вашынгтоне і выкарыстаць эканамічнае працьвітаньне ЗША на карысьць сацыяльнай роўнасьці й дабрабыту ўсіх амэрыканцаў.

Буш скрытыкаваў цяперашняга прэзыдэнта Біла Клінтана і віцэ-прэзыдэнта Эла Гора за тое, што за восем гадоў перабываньня ва ўладзе вашынгтонская адміністрацыя, паводле словаў кандыдата ў прэзыдэнты, была саслабленая нацыянальная бясьпека краіны.

Крыху больш як дзесяць гадоў таму – сказаў Джордж Буш-малодшы, дзякуючы ролі прэзыдэнтаў Рональда Рэйгана і Джорджа Буша, з халоднай вайной было пакончана і Бэрлінская сьцяна была зруйнаваная. Але, на думку кандыдата ў прэзыдэнты, адміністрацыя Клінтана змарнавала час. У выніку ваенная моц ЗША саслабла, яе ўплыў у сьвеце зьменшыўся.

На ягоную думку, зьнізіўся маральны дух у амэрыканскіх войсках, іхнае фінансаваньне таксама недастатковае.

Паводле словаў Буша "сьвету неабходная моцная й энэргічная Амэрыка, і яе войскі мусяць быць лепш экіпіраваныя, больш трэніраваныя, а служба ў войску лепш аплочвацца. Мы зробім нашыя ўзброеныя сілы сродкам падтрыманьня міру."

Джордж Буш выказаўся ў падтрымку стварэньня нацыянальнай проціракетнай абароны ЗША.

"Я буду працаваць над скарачэньнем ядзерных узбраеньняў і ядзернай небясьпекі ва ўсім сьвеце, каб вярнуць наш уплыў і ўвасобіць яго ў дзесяцігодзьдзі міру. У як мага больш сьціслыя тэрміны мая адміністрацыя разгорне сыстэмы проціракетнай абароны супраць магчымага нападу, альбо шантажу."

Пры гэтым Буш назваў беспадстаўнымі апасеньні Расеі адносна падобных плянаў, падкрэсьліўшы, што проціракетная сыстэма патрэбная на выпадак запуску ракеты з боку такіх краінаў як Ірак, Іран, альбо Паўночная Карэя.

Напярэдадні Джордж Буш ухваліў так званую плятформу Рэспубліканскай партыі, у якой сфармуляваныя асноўныя прынцыпы і прыярытэты палітыкі на бліжэйшыя чатыры гады, зь якой будзе выступаць кандыдат у прэзыдэнты.

У плятформе, у прыватнасьці, скрытыкаваная палітыка адміністрацыі Клінтана ў дачыненьні Расеі. Рэспубліканцы лічаць, што "Белы Дом праводзіў нерашучую й няпэўную палітыку, што да Расеі" і што "адміністрацыя не заўважыла карупцыі у вярхох расейкага кіраўніцтва, забойства тысячаў бязьвінных ахвяраў у Чачні, а таксама экспарту небясьпечных расейкіх тэхналёгіяў у Іран".

У плятформе рэспубліканцаў гаворыцца аб падтрымцы краінаў былога камуністычнага лягеру ва Ўсходняй і Паўднёва -Ўсходняй Эўропе. У дакуманце гаворыцца, што "рэспубліканцы вітаюць велізарныя посьпехі народаў Альбаніі, Баўгарыі, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Македоніі, Румыніі, Славаччыны, Славеніі ў адстойваньні сваёй свабоды і супрацоўніцтве з Трансатлянтычнай супольнасьцяй у справе дэмакратыі".

У плятформе пацьвярджаецца таксама, што Рэспубліканская партыя захоўвае традыцыйныя сувязі й рашуча падтрымлівае мужныя ўкраінскі ды армянскі народы, якія падобна народам Балтыі, перажыўшы перасьлед і тыранію, адстаялі сваю нацыянальную годнасьць.

Аўтары плятформы падкрэсьліваюць неабходнасьць інтэграцыі новых дэмакратычнызх дзяржаваў у палітычныя, эканамічныя і абарончыя арганізацыі Паўночна-Атлянтычнай супольнасьці. У дакуманце гаворыцыца, што пашырэньне НАТО мусіць працягвацца, і што Расея ніколі не атрымае права вета ў гэтым пытаньні."

XS
SM
MD
LG