Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 жніўня 2000 г.


Кастусь Бандарук

Брытанскі часопіс Jane's Intelligence Review зьмясьціў вялікі аналітычны артыкул пад загалоўкам "Слабасьць сэрбскай апазыцыі". Аўтар артыкулу Зоран Кусавач спрабуе адказаць на пытаньне, якім задаюцца шматлікія аглядальнікі: чаму на працягу 10-ці гадоў, у часе якіх развалілася Югаславія, у абрэзанай з усіх бакоў, прыніжанай ды ізаляванай Сэрбіі далей кіруе прэзыдэнт Мілошавіч і чаму гэтага чалавека, адказнага за многія нацыянальныя беды й зьвінавачанага ў ваенных злачынствах, сэрбская апазыцыя ня можа адхіліць ад улады…

Гісторыя сэрбскай апазыцыі, – піша Зоран Кусавач, – гэта гісторыя ідэалягічнай маніпуляцыі, палітычнай нясьпеласьці, стратэгічнай сьлепаты, нацыяналістычнага замяшаньня, эгаізму лідэраў і пэрсанальных разборак. У Сэрбіі, і гэтым яна адрозьніваецца ад іншых былых савецкіх марыянэтак, за зьмены ўзяліся камуністы на чале зь Мілошавічам, які, заміж таго каб усталёўваць дэмакратыю, пачаў умацоўваць сваю ўладу, зьвяртаючыся да сэрбскага нацыяналізму.

Усе 100 партыяў і арганізацыяў, якія ўзьніклі ў адзін момант пасьля 1990-га году, ня мелі ні традыцыяў, ні палітычнай культуры й гуртаваліся вакол асобаў іхных лідэраў. Усе партыі апынуліся перад адной дылемаю: альбо дэмакратызацыя краіны, альбо папулізм і нацыяналізм.

Большасьць абрала другі, нацыяналістычны, шлях. Галоўная апазацыйная партыя Сэрбскі Рух Абнаўленьня на чале з Вукам Драшкавічам гэтаксама, як і былыя камуністы Мілошавіча, у адзін голас пачалі выказвацца за "вялікую Сэрбію" й супраць незалежнасьці саюзных рэспублік. "Калі нехта пасьмее ўзьняць у Сэрбіі нясэрбскі сьцяг, будзем адразаць і сьцяг, і рукі таму, хто яго павесіў", – заяўляў Драшкавіч.

У першых парлямэнцкіх выбарах у сьнежні 1990-га году перамагла Сацыялістычная партыя Мілошавіча, якая набрала 46 адсоткаў галасоў. За апазыцыйны Сэрбскі Рух Абнаўленьня галасавалі толькі 16 адсоткаў выбаршчыкаў. Дэмакратычная партыя Драгалюба Мічунавіча набрала ўсяго 7 %, а іншыя партыі ўвогуле не ўвайшлі ў парлямэнт. Чатыры месяцы пазьней разчараваны й амбітны Драшкавіч вывеў сваіх прыхільнікаў на вуліцы гарадоў, але Мілошавіч паслаў супраць іх танкі, а ў праліцьці крыві зьвінаваціў збунтаваную апазыцыю.

У красавіку 1992-га году, калі ў складзе Югаславіі засталіся ўжо толькі Сэрбія й Чарнагорыя, дзьве галоўныя апазыцыйныя партыі вырашылі стварыць дэмакратычную кааліцыю, якая арганізоўвала вулічныя пратэсты, гэтым разам заклікаючы да міру. Аднак у той час мір асацыяваўся са слабасьцю й здрадай, і на палітычнай сцэне зьявілася Радыкальная партыя Воіслава Шэшаля. Разам з сацыялістамі Мілошавіча яна стварыла парлямэнцкую большасьць.

Тым часам у шэрагах апазыцыі зноў пачаліся пэрсанальныя разборкі й падзелы. Дэмакратычную партыю пакінуў ня менш славалюбны за Драшкавіча Зоран Джынджыч, які заснаваў свой Дэмакратычны альянс.

На выбарах у сьнежні 1993-га году апазыцыя зноў выступіла асобна. Як вынік, з 250 месцаў у парлямэнце сама толькі партыя Мілошэвіча – без радыкалаў – заняла 123. Затое выбаршчыкі страцілі рэшткі даверу да апазыцыі зь яе бясконцымі ператусоўкамі, нячыстым спаборніцтвам і сакрэтнымі перамовамі, якія яна вяла зь Мілошавічам.

Перад муніцыпальнымі выбарамі 1996-га году дэмакратычная апазыцыя спрабавала зноў аб'яднацца, засноўваючы Рух "Заедно".
Калі ўлады не дапусьцілі апазыцыі да пасадаў у мясцовых органах улады, сотні тысячаў прыхільнікаў апазыцыі выйшлі на вуліцы са сьвечкамі й званочкамі ў руках і Мілошавіч вымушаны быў саступіць.

Аднак прадстаўнікі апазыцыі ў мясцовых радах самі сябе скампрамэтавалі партызанцкай вайною паміж сабою, некампэтэнтнасьцю й карупцыяй. У выніку ў верасьні 1997-га году сацыялісты Мілошавіча разам з камуністамі ягонай жонкі й радыкаламі Шэшаля стварылі кіроўную кааліцыю, а апазыцыя засталася ні з чым.

Калі ў 1998-ым годзе пачаўся ўзброены канфлікт у Косаве, апазыцыя засталася пасыўнай і ня здолела дыстанцыявацца ад сэрбскага нацыяналізму й антыальбанскай рыторыкі. У часе паветранай апэрацыі НАТО, баючыся арышту, Зоран Джынджыч сядзеў за мяжою, што дазволіла Мілошавічу назваць усіх апанэнтаў здраднікамі.

Тым часам Вук Драшкавіч зрабіў яшчэ горшы крок: ён прыняў пасаду віцэ-прэм'ера ў фэдэральным урадзе. Апазыцыі не ўдалося таксама ўскласьці на Мілошавіча віну за страту Косава й атакі НАТО. Прэзыдэнт пераканаў грамадзтва, што заміж таго каб дэстабілізаваць краіну, трэба пачаць яе адбудоўваць.

У студзені сёлета 14 апазыцыйных партыяў спрабавалі яшчэ раз аб'яднацца на грунце паставак заходняга паліва для гарадоў, кантраляваных апазыцыяй. Улетку мінулага году на палітычнай сцэне Сэрбіі зьявілася студэнцкая арганізацыя АДПОР. Аднак у выніку рэпрэсіяў студэнты страцілі першапачатковы імпэт і дагэтуль не адыгралі істотнай ролі.

Затое 7-га ліпеня, пераважна сацыялістычны парлямэнт ухваліў выбарчы закон, згодна зь якім прэзыдэнт будзе абірацца ўсеагульным галасаваньнем. Цяпер Мілошавіч можа быць абраны на прэзыдэнцкую пасаду яшчэ на два тэрміны.

Тым часам, пасьля двух замахаў на ягонае жыцьцё, Вук Драшкавіч прыціх і, праўдападобна, застанецца на выгнаньні ў Чарнагорыі. Такім чынам, сэрбская апазыцыя засталася бязь лідэра, які змог бы набраць прынамсі 15 % галасоў. Як падагульняе аўтар артукулу ў Jane's Intelligence Review Зоран Кусавач, у далейшай пэрспэктыве Мілошавіч асуджаны на паразу, але пры гэтым будучыня апазыцыі, якая за дзесяцігодзьдзе нічога не навучылася, таксама выглядае змрочна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG