Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 жніўня 2000 г.


Уладзімер Кулажанка, Менск

(эфір 5 жніўня)
Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

На нядаўняй сэлектарнай нарадзе Аляксандар Лукашэнка паставіў перад хлебаробамі задачу – сабраць сёлета 6 млн. тонаў збожжа. Але ці будзе выкананае гэтае заданьне, і ці сапраўды Беларусь атрымае рэкордны ўраджай?

На сёньня ёсьць дзьве агульныя перадумовы, якія вызначаюць хаду любых сельскагаспадарчых работ, тым больш жніва. Гэта крызыс рэальнага сэктару эканомікі ў цэлым і поўны заняпад сельскае гаспадаркі.

Заняпад вёскі можна выразна паказаць на прыкладзе Гарадзенскае вобласьці – перадавой у краіне ў аграрным сэктары. Тут на пачатак жніва было назапашана толькі 11% дызэльнага паліва й 9% бэнзыну ад патрэбнага. У калгасаў няма грошай, затое ёсьць даўгі. Толькі "Белнафтахіму" гаспадаркі вобласьці завінаваціліся 815 млн. рублёў. Такія грошы няма адкуль узяць. Плян продажу малака за першае паўгодзьдзе недавыкананы на 6%. Яшчэ горшае становішча з вытворчасьцю мяса. Тут скарачэньне складае ажно 16%. Парадокс, але за паўгодзьдзе ў вобласьці зьелі мяса на 12% болей, чым нарасьцілі. Што ўжо казаць пра эканамічнае забесьпячэньне жніва ў іншых абласьцях, напрыклад, у Віцебскай і Магілёўскай, якія заўсёды былі адсталымі…

Днямі кіраўнік эканамічнае ўправы Міністэрства сельскае гаспадаркі Сямён Шапіра назваў дзьве цікавыя лічбы. Менавіта: ад падвышэньня закупачных цэнаў на малако, збожжа ды іншыя прадукты аграрнікі атрымаюць 150 млрд. рублёў, а ад падвышэньня цэнаў на рэсурсы страцяць 360 млрд.

З прычыны недахопу грошай на палёх краіны працуе толькі 14 тысячаў камбайнаў або 76,5% іх агульнае наяўнасьці. На рамонт рэшты, тым болей набыцьцё новых, няма грошай. На 3 жніўня ўбрана 16% плошчаў збожжавых. Намалочана 1200 тысячаў тонаў збожжа, па 25 цэнтнэраў з гэктару. Прычым, гэта бункэрная вага, такім чынам, у сьвірны паступіць меней як 1 млн. тонаў. Зразумела, што кожная наступная частка ўбранага поля, як і ў папярэднія гады, будзе даваць усё меншы збор. Так што дай Бог, каб рэальна было сабрана 4 млн. тонаў збожжа.

Ураджайнасьць зьнізіцца з-за ўсходніх рэгіёнаў краіны. Паводле інфармацыі намесьніка старшыні Віцебскага абласнога выканкаму Пятра Драздоўскага, за 10 дзён жніва ў вобласьці зжата толькі 6,5% збожжавага полю. Намалочана 53,5 тысячаў тонаў збожжа, ураджайнасьць толькі 21 цэнтнэр. Страты пры ўборцы, паводле ацэнкі самое "вэртыкалі", 4 цэнтнэры на гэктары.

Галоўныя прычыны павольнае хады жніва – зношаная тэхніка й перабоі з палівам. На сёньня на 40% ня вырашаныя праблемы аплаты рэсурсаў, найперш за паліва. І так ва ўсіх рэгіёнах.

Ня вырашаныя праблемы стымуляваньня працы на жніве. Бо запазычанасьць у аплаце працы не скарачаецца, а расьце, і на пачатак жніўня перавысіла 19 млрд. рублёў. Заклікі Лукашэнкі разьлічвацца зь вяскоўцамі за іхную працу збожжам і кармамі праблему не вырашаюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG