Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 жніўня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

9 жніўня спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэньня Ларысы Геніюш. З нагоды гэтае даты ў нядзелю ў Зэльве, дзе ад часу вызваленьня са сталінскага канцлягеру і да самае сьмерці жыла легендарная паэтка, пройдуць пашанотныя імпрэзы.

Сьвята ў Зэльве распачнецца 6 жніўня а 13-й гадзіне ў царкве. Тут у гонар знакамітае паэткі ўсталяваная мэмарыяльная шыльда, асьвячэньнем якое ды памінальнаю малітваю і распачнуцца зэльвенскія ўрачыстасьці. Гэта другі ў гісторыі беларускае літаратуры выпадак усталяваньня ў храме памятнае дошкі ў гонар паэта. Першы адбыўся паўтары стагодзьдзі таму, калі ўдзячныя прыхільнікі творчасьці Ўладзіслава Сыракомлі ўсталявалі ў ягоны гонар мэмарыяльную дошку ў Нясьвіскім касьцёле.

Усталяваньне мэмарыяльнае дошкі ў зэльвенскай царкве зьініцыявалі наступнікі Ларысы Геніюш – маладыя паэты Гарадзеншчыны, а фундавалі мяйсцовыя бізнэсоўцы.

Пасьля імпрэзаў у царкве шанаваньне памяці Ларысы Геніюш прадоўжыцца ля яе магілы. Тут чакаюцца выступы літаратараў з Менску й Гародні, сяброў паэткі ды ейных сваякоў.

А потым ў доме культуры зэльвенцы ўпершыню пабачаць мастацкі фільм рэжысэра Віталя Дудзіна пра сваю знакамітую зямлячку ды прысьвечаныя ёй сцэны са спэктакля Галіны Дзягілевай "Белы сон".

Але найлепшая памяць пра паэтку можа быць ў выдадзеных ейных творах – незьнявечаных пільнымі рэдактарамі ды цэнзарамі. Нядаўна, як гэта ня дзіўна, у дзяржаўным выдавецтве "Юнацтва" выйшла кніга дзіцячых вершаў паэткі – "Ластаўка". Але гэта – толькі маленькая частачка творчае спадчыны Геніюш. Пры жыцьці яна дачакалася на радзіме двух невялікіх паэтычных зборнікаў, ды й тое моцна папсаваных цэнзарамі. Пару гадоў таму быў факсімільна перавыдадзены ейны першы праскі зборнік паэзіі – "Ад родных ніў".

Аднак пераважная бальшыня вершаў Ларысы Геніюш доўгі час была параскіданая ў рукапісах па прыватных архівах, сабраць якія пастанавіў сабе зямляк паэткі, таксама паэт і дасьледнік літаратуры Міхась Скобла. І вось-вось у недзяржаўным выдавецтве "Беларускі кнігазбор" павінен зьявіцца складзены ім вялікі том твораў Ларысы Геніюш. У яго ўвойдуць ня толькі раней недрукаваныя і адноўленыя паводле арыгіналаў вершы, але і ўспаміны паэткі пра доўгія гады знаходжаньня ў ГУЛАГах ды пазьнейшы перасьлед за адмову прыняць савецкае грамадзянства.

Аднак і гэты том не ахопіць усю спадчыну легендарнае аўтаркі. Поўнага збору твораў Ларысы Геніюш чытачы можа дачакаюцца да наступнага – стогадовага ейнага юбілею.

XS
SM
MD
LG