Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 жніўня 2000 г.


Вінцэсь Мудроў, Віцебская вобласьць

Сёньня ў Мёрах агульнай малітвай за беларускі народ завяршаецца моладзевы каталіцкі фэст, які атрымаў назоў "Пад ветразем Хрыста". Фэст доўжыўся 4 дні…

Фэст ладзіўся з блаславеньня Віцебскага біскупа Ўладзіслава Бліна, а яго беспасярэднім арганізатарам быў ксёндз Уладас Патрайціс – палкі прыхільнік Беларушчыны, які шмат зрабіў дзеля беларусізацыі касьцёла.

Месцам правядзеньня духоўнай імпрэзы была абраная паўвыспа на маляўнічым возеры, і ў ёй узялі ўдзел звыш за 400 маладых вернікаў з розных куткоў Віцебшчыны.

Заўважым, што сярод прысутных былі й клерыкі Гарадзенскай вышэйшай духоўнай сэмінарыі. Арганізавалі фэст належным чынам: на зялёнай лугавіне была ўсталяваная электрыфікаваная эстрада, пастаўленыя лаўкі для гледачоў, патурбаваліся гаспадары і пра сілкаваньне шматлікіх гасьцей.

Пачынаўся фэст ужо а пятай гадзіне, калі ягоныя ўдзельнікі пакідалі намёты, каб шчырай малітвай сустрэць сонца. А потым да самага вечару гучалі беларускія сьпевы і псальмы.

Сьпевамі і музыкай праграма фэсту не абмежавалася. На другі дзень удзельнікі арганізавалі крыжовы ход каля мёрскага возера, а сябры каталіцкага руху "Сьвятло – жыцьцю", якія таксама прыехалі ў Мёры, праводзілі гутаркі і эвангеілізацыю моладзі.

Адбылася таксама сустрэча зь вядомай пісьменьніцай Ірынай Жарнасек, а ўдзельнікі тэатру-студыі "Зьніч" з Наваполацку прэзэнтавалі кагадзе запісаны імі магнітаальбом навачаснай беларускай духовай музыкі.

Усе чатыры дні па-над возерам гучала беларуская мова і пры гэтым нават мясцовыя дзядзькі, што прыходзілі паглядзець на фэст, былі цьвярозымі.

Сёньня ўдзельнікі імпрэзы прачытаюць каля пастаўленага імі крыжа малітву за беларускі народ і раз'едуцца па хатах, каб на наступны год зноўку прыехаць на бераг мёрскага возера. Арганізатары плянуюць зрабіць імпрэзу традыцыйнай і спадзяюцца, што на наступны год тут зьбярэцца моладзь з усяе Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG