Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 жніўня 2000 г.


Ганна Соусь, Менск

Днямі Камітэтам дзяржаўнае бясьпекі арыштаваныя два кіраўнікі менскага гандлёвага цэнтру "Паркінг". Затрыманых абвінавачваюць у шэрагу эканамічных злачынстваў, у тым ліку – у атрыманьні хабару памерам 17 тысячаў даляраў. Некаторыя дасьведчаныя крыніцы пэўным чынам зьвязваюць гэты арышт з высокімі асобамі ў беларускай уладзе.

Былі арыштаваныя Сяргей Дзямчук ды Ігар Рымскі – кіраўнікі фірмы "ІнтэрВэДэм", уладальнікі гандлёвага цэнтру "Паркінг", які быў пабудаваны ў цэнтры сталіцы, у раёне Камароўскага кірмашу, перад самым сыходам Уладзімера Ярмошына з пасады старшыні гарадзкога выканкаму.

Гэтай справаю зараз займаецца Камітэт дзяржаўнае бясьпекі Беларусі. Гэта падцьвярждаюць і супрацоўнікі служба аховы "Паркінгу", і людзі, што працуюць у гандлёвых пунктах цэнтру.

Калі я спрабавала атрымаць інфармацыю непасрэдна ў будынку "Паркінгу", амаль кожны, з кім размаўляла, казаў: "Не займайцеся гэтай справаю, ніхто Вам нічога ня скажа. Мы можам застацца без працы". У адміністрацыйным памяшканьні "Паркінгу" аніводная асоба не захацела ня тое, што камэнтаваць арышты, а нават і назваць сваё імя, Адказвалі толькі: "Мы нічога Вам ня скажам, шукайце інфармацыю ў Камітэце дзяржаўнае бясьпекі".

У прэсавай службе КГБ адмаўляюць той факт, што ў іхнай установе займаюцца справаю "Паркінгу". Таксама няма інфармацыі пра гэты арышт і ў зводках МУС за апошні тыдзень. Але, як нам стала вядома з дасьведчаных крыніцаў, гэтай справаю займаецца менавіта КГБ.

Паводле непацьверджанай інфармацыі, у свой час да адкрыцьця "Паркінгу" і ягонай фінансавай дзейнасьці мелі дачыненьне цяперашні прэм'ер Уладзімер Ярмошын, які раней кіраваў Менскам, і былы старшыня Падатковага камітэту Мікалай Дзямчук. Прынамсі, атрымаць зямлю для буйной забудовы ў цэнтры сталіцы, у раёне Камароўскага кірмашу, без дазволу і спрыяньня кіраўніка гораду немагчыма. Да таго ж будаваўся гэты цэнтар вельмі шпаркімі тэмпамі, як ніводная іншая будоўля ў Менску.

XS
SM
MD
LG