Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 жніўня 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

Прыкладна 150 берасьцейскіх прадпрымальнікаў, якія гандлююць на Цэнтральным рынку гораду, засталіся бяз працы. Рэч у тым, што мясцовыя ўлады забаранілі на гэтым рынку гандаль нехарчовымі таварамі.

Страты ад гэтага рашэньня гарвыканкаму нясуць ня толькі самі прадпрымальнікі, але й адміністрацыя Цэнтральнага рынку. Ужо другі дзень застаюцца незанятымі паўтары сотні гандлёвых месцаў на рынку. Праз гэта амаль удвая скарацілася колькасьць легальных гандляроў.

У адпаведнасьці з распараджэньнем гарвыканкаму, ад 3-га жніўня на так званай сэзоннай пляцоўцы гэтага рынку забаронены гандаль усімі групамі нехарчовых тавараў. Як гаворыцца ў тэксьце распараджэньня, яно прынятае ў сувязі з абвастрэньнем санітарна-эпідэміялягічнай сытуацыяй каля рынку і для стварэньня адпаведных умоваў для продажу грамадзянамі і суб'ектамі гаспадараньня сельгаспрадукцыі ўласнай вытворчасьці.

Вызваленыя месцы плянавалася аддаць тым, хто гандлюе прадуктамі харчаваньня, якія вырашчаныя ў прыватным сэктары. А таксама грамадзянам Украіны, якія прывезьлі ў Берасьце свой тавар.

Але спадзяваньні ўладаў былі марнымі. Ніхто з гэтых гандляроў і не зьбіраўся купляць месцаў у гандлёвых радах. І плаціць за сэртыфікат, які сьведчыць пра адпаведнасьць тавараў санітарным нормам: яны па-ранейшаму аддаюць перавагу стыхійнаму гандлю паблізу тэрыторыі рынку.

У выніку і ўчора і сёньня значная колькасьць гандлёвых месцаў засталася незанатая. Гандлярам нехарчовымі таварамі прапанавана займаць месцы на іншых гандлёвых рынках. Але яны знаходзяцца на ўскрайку гораду, і гандаль ідзе вельмі павольна.

Адзіная рэакцыя прадпрымальнікаў на гэтую прапанову – абурэньне. Яны не разумеюць, чаму берасьцейскія ўлады лічаць іх людзьмі другога гатунку і дыскрымінуюць, аддаючы перавагу грамадзянам Украіны. Тым больш, што завезены з-за мяжы тавар не заўсёды адпавядае санітарным нормам.

Мясцовыя гандляры таксама нагадваюць вэртыкалі, што яны, у адрозьненьне ад тых, хто прадае свой тавар паўлегальна, спраўна плацяць падаткі. Таму заслугоўваюць хаця б таго, каб не пагаршаліся ўмовы іхнага існаваньня.

Ад непрадбачлівых рашэньняў гарвыканкаму церпяць ня толькі прадпрымальнікі, але й сам рынак. Толькі за ўчорашні дзень 3-га жніўня страты ад непрададзеных месцаў склалі прыкладна 170 тысячаў рублёў.

Старшыня гарадзкога саюзу прадпрымальнікаў "Садзейнічаньне" Ўладзімір Мазалаў лічыць, што ў бліжэйшыя дні сытуацыя вакол Цэнтральнага рынку ня зьменіцца ў лепшы бок, і ўлады будуць змушаныя скасаваць сваё распараджэньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG