Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 жніўня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Менская місія АБСЭ ніяк не камэнтуе заяву кіраўнікоў Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ, якія абвінавачваюць Кансультацыйна-назіральную групу АБСЭ ў легітымізацыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. У менскай штаб-кватэры АБСЭ заявілі, што няма падставы рэагаваць на выпады асобных беларускіх палітыкаў.

Сёньняшняя выніковая прэсавая канфэрэнцыя прадстаўнікоў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы адбывалася без удзелу кіраўніка Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ Ганса-Георга Віка: ураніцу спадар Вік тэрмінова пакінуў Менск і адляцеў у Нямеччыну. Таму высьветліць рэакцыю непасрэдна спадара Віка на заяву Зянона Пазьняка і Юры Беленькага не ўдалося.

Мы зьвязаліся зь менскім прадстаўніцтвам місіі АБСЭ з надзеяй атрымаць камэнтар намесьніка старшыні місіі Мішэля Рывалье, які, дарэчы, разам з Гансам-Георгам Вікам таксама быў абвінавачваны "…у антыдэмакратычных і антыбеларускіх дзеяньнях".

(Жаночы голас: ) "На якую тэму Вы б хацелі пагаварыць?"

(Карэспандэнт: ) "На тэму заявы Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, у якой гучыць абвінавачваньне на адрас місіі АБСЭ, у прыватнасьці, спадара Віка і Рывалье…"

(Жаночы голас: ) "Рэч у тым, што ў нас ніякіх камэнтароў на гэтую тэму няма…"

(Карэспандэнт: ) "А з чым гэта зьвязана?"

(Жаночы голас: ) "Ну як жа, ніякіх асаблівых прычынаў няма…"

(Карэспандэнт: ) "Гэта афіцыйная пазыцыя місіі АБСЭ ці прыватная пазыцыя спадара Рывалье?"

(Жаночы голас: ) "Я ня думаю, што Вы гэта можаце абмяркоўваць толькі са спадаром Вікам…"

(Карэспандэнт: ) "Такім чынам, гэта афіцыйная пазыцыі місіі АБСЭ ў Менску – не камэнтараваць гэтую заяву?"

(Жаночы голас: ) "Прынамсі пакуль – так".

Такім чынам, як мінімум да 14 жніўня, калі спадар Вік плянуе зьявіцца ў Беларусі, менская місія АБСЭ будзе захоўваць маўчаньне з нагоды жорсткае заявы кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ.

Дарэчы, як стала вядома з дасьведчаных крыніцаў, пад час паседжаньня Кансультацыйна-назіральнае групы з прадстаўнікамі розных палітычных плыняў, спадар Вік усё ж выказаўся з нагоды заявы Пазьняка й Беленькага. Ён сказаў, што заява зусім не адпавядае рэчаіснасьці, і калі яна будзе агучаная ў СМІ, ён вымушаны будзе даць адпаведны адказ. Дакладна вядома і тое, што лідэры партыяў – Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін і Станіслаў Шушкевіч – прасілі Сяргея Папкова не перадаваць тэкст заявы ў мас-мэдыі, паколькі, маўляў, гэта нэгатыўна паўплывае перш за ўсё на апазыцыйны рух. Тады спадар Папкоў не адказаў нічога канкрэтнага. Але пасьля трохдзённага маўчаньня кіраўніцтва партыі ўсё ж распаўсюдзіла заяву.

Чым было матываванае такое рашэньне, я пацікавіўся ў выканаўцы абавязкаў старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ Юры Беленькага…

(Карэспандэнт: ) "Спадар Юры, Вам вядомая нейкая рэакцыя на вашую заяву з боку кіраўніцтва менскае місіі АБСЭ?"

(Беленькі: ) "Мы цэлы год назіраем за дзеяньнямі групы АБСЭ ў Менску. Раней думалі, а раптам яны недастаткова інфармаваныя. Вельмі насьцярожыла заява спадара Віка: любая дзяржава можа прымаць і ўступаць у любыя саюзы, хаця відавочна было – нелегітымны рэжым, нелегітымны парлямант, нелегітымны прэзыдэнт заключаюць насуперак Канстытуцыі саюз з Расеяй, які пры рэалізацыі ліквідуе нашую незалежнасьць. Вік сам пад час паездак па рэгіёнах фактычна заклікаў апазыцыю да ўдзелу ў выбарах. Значыць, наступнае - прызнаньне гэтых выбараў з боку эўрапейскіх структураў, легітымізацыя лукашэнкаўскіх палатаў і гэтая тады легітымная ўлада ліквідуе нашую дзяржаўнасьць. Вось чым была выкліканая гэтая заява."

(Карэспандэнт: ) "Спадар Юры, а Вам вядомая нейкая рэакцыя на Вашую заяву з боку кіраўніцтва менскай місіі АБСЭ?"

(Беленькі: ) "Афіцыйнай рэакцыі мы ня бачылі. Інтэрпрэтацыя рэакцыі ня можа служыць падставай для нашых камэнтароў. Афіцыйнай не было, хаця мы чакалі, бо прайшло дастаткова часу".

XS
SM
MD
LG