Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 жніўня 2000 г.


Валеры Карбалевіч

Паводле зьвестак сацыялягічнай лябараторыі "Новак", у часе агульнанацыянальнага апытаньня было вяўлена, што 75 працэнтаў апытаных возьмуць удзелу выбарах. Толькі 14 працэнтаў не плянуюць прыйсьці на выбары ўвосень. Чаму ў грамадзкасьці расьце цікавасьць да парляманцкіх выбараў? Камэнтар Валерыя Карбалевіча

У прагнозах прадказвалася, што з набліжэньнем выбараў колькасьць ахвотнікаў удзельнічаць у іх будзе павялічвацца. Тут ёсьць некалькі прычын. Гэта й сіла традыцыі, звычкі, і тое, што пачалася масаваная прапагандысцкая кампанія ў афіцыйных СМІ. Гэтай падзеі значную ўвагу аддаюць і радыё, і тэлебачаньне. Таксама пачаўся ўжо нейкі рух у працоўных калектывах – вылучэньне кандыдатаў у выбарчыя камісіі. Апрача гэтага, самі кандыдаты пачалі ўжо кампанію ў сваіх акругах. Усё гэта не магло не адбіцца на павелічэньні колькасьці ахвотнікаў да ўдзелу ў выбарах.

І яшчэ я адзначыў бы адзін важны фактар. Сёньня ў беларускім грамадзтве ёсьць вялікае жаданьне перамен. Частка насельніцтва бачыць магчымасьць перамен менавіта ў выбарах – ня ў мітынгах, ня ў страйках, а толькі ў выбарах. Незадаволенасьць жыцьцём можа выліцца як у апатыю, абсэнтэізм, так і ў жаданьне прыйсьці на выбары й сказаць сваё "не". Магчыма, многія зь іх нават не ўяўляюць, не ўсьведамляюць сабе, каму й у якім выглядзе яны мерацца сказаць "не", таму што рэйтынг апазыцыі не расьце… Але ж такое жаданьне, мне здаецца, ёсьць.

І, магчыма, тут яшчэ мае значэньне тое, што даўно ў Беларусі ўжо не было выбараў. Выбары ў мясцовыя саветы, якія адбыліся летась, усё ж сваім напалам значна саступаюць парлямэнцкім ці прэзыдэнцкім выбарам.

Апошнія сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што разьлік апазыцыі, якая ўзяла на ўзбраеньне тактыку байкоту выбараў, можа ня спраўдзіцца. Ахілесава пята, на якую робіць стаўку апазыцыя, гэта 50-працэнтавы выбарчы парог у першым туры, значыць, каб выбары былі прызнаныя адбытымі, трэба, каб на іх прыйшло ў першым туры 50 працэнтаў, у другім – 25. І вось у гэтай апошняй лічбе – разьлік апазыцыі.

Мы памятаем, што ранейшыя выбары зрываліся часта менавіта з той прычыны, што на выбарчыя ўчасткі прыходзіла менш за 50 працэнтаў выбаршчыкаў. Памятаем, як у траўні 1995-га не ўдалося выбраць поўнага складу Вярхоўнага Савету. Але тут магчымы вялікі разрыў паміж Менскам, вялікімі гарадамі й правінцыяй, вёскай. І альтэрнатыўны плян апазыцыі павінен быць раўнацэннай заменай выбараў. Толькі тады тактыка няўдзелу апазыцыі ў выбарах мае сэнс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG