Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 жніўня 2000 г.


Мікола Іваноў

У амэрыканскім горадзе Філядэльфія агульнанацыянальны зьезд Рэспубліканскай партыі афіцыйна зацьвердзіў губэрнатара Тэхасу Джорджа Буша малодшага партыйным кандыдатам на пасаду прэзыдэнта ЗША.

Прызначэньне Буша адбылося на трэці дзень працы зьезду, але афіцыйна ён стане рэспубліканскім кандыдатам у прэзыдэнты сёньня ўвечары, калі выступіць з прамовай і згодзіцца з прызначэньнем.

Пакульшто Буш не прысутнічае на зьездзе. Ён знаходзіцца ў гатэлі мястэчка Гэтысбэрг ў некалькіх мілях ад Філядэльфіі і пільна сочыць за ўсім, што адбываецца на форуме. Зь яго ўдзельнікамі ён падтрымлівае кантакты з дапамогай спадарожнікавага відэатэлефону, але толькі зрэдку. У прыватнасьці, звяртаючыся да дэлегатаў у справе будучыні амэрыканскіх узброеных сілаў, ён заявіў:

(Буш: ) "У якасьці вярхоўнага галоўнакамандуючага я адбудую амэрыканскую ваенную магутнасць і ўмацую нашы саюзы".

Пакуль-што ўсе заўвагі Буша вельмі лаканічныя і кароткія. Чакаецца, што ён выступіць з разгорнутай, грунтоўнай праграмай сваіх дзеяньняў у якасьці прэзыдэнта ЗША.

Будучую замежную палітыку ЗША, калі б Буша абралі прэзыдэнтам, камэнтаруе на зьездзе яго галоўны дарадчык у справах замежнай палітыкі Кандаліза Райз. Яна ў прыватнасьці заявіла:

(Райз: ) "Сёньня мы сабраліся, каб яшчэ раз пацвердзіць адну важную ісціну: будучыня належыць свабодзе, якая базуецца на вольным рынку і гандлі, якую бароніць законнасць і якая разьвіваецца з дапамогай захаваньня правоў чалавека. Інфармацыя і веды ня могуць надалей быць толькі прыярытэтам дзяржавы. Багацтва прыходзіць да тых, хто можа добра выкарыстоўваць здольнасьці свайго народа".

Амэрыканскія і замежныя палітычныя камэнтатары вызначаюць таксама выступленьне на зьездзе былога галоўнага суперніка Буша ў рэспубліканскай партыі сэнатара Джона Маккэйна. Ён выступіў ў якасьці гарачага прыхільніка кандыдатуры Джорджа:

(Маккэйн: ) "Джордж Буш добра ведае, што амэрыканскаму лідарству няма альтэрнатывы, і ён не змарнуе цяперашні гістарычны момант, не дазволіць Амэрыцы схіліцца пад цяжарам пустых пагрозаў, ілжывых абяцаньняў і невыразнай дыпляматыі".

Зьезд зацвердзіў таксама партыйнага кандыдата на пасаду віцэ-прэзыдэнта. Ім стаў Дык Чэйні, былы міністр абароны ва ўрадзе бацькі цяпершняга кандыдата ў прэзыдэнта, былога прэзыдэнта Джорджа Буша. Прымаючы выбар сваёй партыі, Дык Чэйні заявіў:

(Чэйні: ) "Спадар старшыня, дэлегаты, суграмадзяне, я лічу гэтае прызначэньне за гонар і прыймаю яго".
"Вашынгтон чакаюць вялікія перамены. Працаваць з гэтым чалавекам у гэтай справе – гэта шанец, ад якога я не магу адмовіцца. Калі перад намі стаіць заданьне аб'яднаць краіну, пачаць новую палітыку ў Вашынгтоне, змяніць увесь тон нашай палітыкі, ці які-небудзь чалавек, у якога ёсць уласныя перакананьні, можа сказаць, што гэтая праца па сілах Эль Гору?"

Камэнтуючы гэтыя апошнія словы Дыка Чэйні, можна адначыць, што ўвесь агульнанацыяны зьезд рэспубліканцаў праходзіць пад знакам вострай крытыкі адміністрацыі прэзыдэнта Біла Клінтана. Шмат хто з выступоўцаў гаварыў пра неабходнасць вяртаньня да традыцыйныя сямейных вартасьцяў, адраджэньня маральнасьці амэрыканскай нацыі і ўмацаваньня вядучай пазыцыі Амэрыкі ў сьвеце.

Прыгадаем, што на працягу ўсіх трох дзён працы з'езду на вуліцах Філядэльфіі адбываюцца дэманстрацыі праціўнікаў рэспубліканцаў. Удзельнікі іх – гэта галоўным чынам анархісты розных колераў, праціўнікі глабалізацыі ўсясьветнай гаспадаркі, экалёгі і інш. Паліцыя лічыць, што ўдзельнікаў пратэстаў на вуліцах Філядэльфіі было ад 1000 да 4000 асобаў. Некалькі соцень зь іх былі арыштаваныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG