Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 жніўня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Навуковая рада дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка прыняла рашэньне вярнуць у навучальны й выхаваўчы працэс беларускую мову ў аб'ёме ня менш таго, які існаваў тут да травеньскага (1995 году) рэфэндуму. Пра гэта ўчора ў гутарцы з кіраўнікамі Таварыства Беларускае Мовы заявіў рэктар унівэрсытэту акадэмік Ціханаў.

Пэдагагічны ўнівэрсытэт быў за часам Шушкевіча адной з самых блізкіх да поўнае беларусізацыі вышэйшай навучальнай установаю краіны. Прыкладна дзьве траціны студэнтаў атрымлівалі тут веды на роднай мове. Шлях да поўнае беларусізацыі перапыніў травеньскі (1995 году) рэфэрэндум.

І вось днямі навуковая рада зацьвердзіла праграму ўкараненьня беларускае мовы ў навучальны й выхаваўчы працэс унівэрсытэту. У выніку ейнае рэалізацыі зь верасьня пачнецца аднаўленьне страчаных у апошнія гады пазыцыяў. Пра гэта рэктар унівэрсытэту акадэмік Леанід Ціханаў заявіў у часе ўчорашняе сустрэчы з кіраўнікамі Таварыства Беларускае Мовы.

(Трусаў: ) "Ён расказаў, што нядаўна зьбіралася кіраўніцтва пэдагагічнага ўнівэрсытэту, навуковая рада, яны прынялі рашэньня ад верасьня адрадзіць традыцыі беларускамоўнага навучаньня ва ўнівэрсытэце, якія існавалі да славутага рэфэрэндуму 1995 году, калі амаль усе прадметы былі гатовыя для выкладаньня па-беларуску".

Сам рэктар зь сёньняшняга дня ў адпачынку, аднак гэтую інфармацыю нам пацьвердзіў сёньня адзін з распрацоўшчыкаў праграмы беларусізацыі пэдагагічнага ўнівэрсытэту прафэсар Аляксей Рагуля. Ён лічыць, што ўнівэрсытэт мае ўсе перадумовы, каб зацьверджаная праграма пачала пасьпяхова зрэалізоўвацца ўжо з наступнага навучальнага году. Менавіта на гэта была скіраваная і праца сёлетняе прыймовае камісіі. Пра што ўчора таксама пачулі ад рэктара тэбээмаўцы. Алег Трусаў паведамляе:

(Трусаў: ) "Ён расказаў, што гэты год паказаў старую тэндэнцыю: больш за палову паступоўцаў выбралі беларускую мову, каб пісаць дыктоўкі і сачыненьні".

У гутарцы з рэктарам Ціханавым кіраўнікоў ТБМ цікавала і ягоная пазыцыя адносна ідэі стварэньня беларускага нацыянальнага ўнівэрсытэту.

(Трусаў: ) "Што да стварэньня нацыянальнага ўнівэрсытэту, дык была выказаная думка, што яго варта ствараць ня ў Менску, а, напрыклад, у Заслаўі. Далей ад мэгаполісу".

Што тычна будучыні Заслаўя ў якасьці ўнівэрсытэцкага гораду, дык гэта, як нам стала вядома, – асабістае меркаваньне рэктара Ціханава. А вось ягоныя рашэньні ў вяртаньні ў пэдагагічны ўнівэрсытэт беларускамоўных плыняў цалкам сугучныя з апошнімі заявамі міністра адукацыі Васіля Стражава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG