Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 жніўня 2000 г.


Казімір Яноўскі, Гомельская вобласьць

Ад першых дзён сёлетняга збору ўраджаю хлебаробы Гомельскай вобласьці сутыкнуліся з заражанасьцю збожжа радыёнуклідамі.

Паўтары тысячы тонаў збожжа новага ўраджаю ўжо зараз ляжыць на Хойніцкім камбікормавым заводзе. Збожжа ня можа быць залічана ў выкананьне дзяржаўнай замовы. Перавышаныя ўсе дапушчальныя нормы ўтрыманьня радыёнуклідаў стронцыю.

Ужо пасьля выкананьня дзяржаўнага харчовага заказу гэтае забруджанае збожжа будзе выкарыстанае для вытворчасьці камбікорму альбо сьпірту. Так сьцьвярджаюць спэцыялісты аблсельгасхарчу.

Аднак ня толькі хойніцкія хлебаробы расчараваныя вынікамі працы, зьвязанымі з атрыманьнем няякаснага збожжа. Паводле сьведчаньня загадчыцы лябараторыі Рэчыцкага камбінату хлебапрадуктаў Жаны Багацкай, сёлета, як і летась, даволі шмат мясцовых гаспадарак ня ўкладваюцца ў дапушчальныя ўзроўні ўтрыманьні ў збожжы менавіта радыёнуклідаў стронцыю – найбольш небясьпечнага элемэнту.

Неадпаведнасьць выяўленая ўжо ў 22-х пробах з 18-ці гаспадарак раёну. Прычым перавышэньне забруджанасьці стронцыям – звыш 11 бекэрэляў у кіляграме – выяўляецца ва ўсіх збожжавых культурах. Гэта асабліва характэрна для калгасаў імя Фрунзэ, Дзяржынскага, "Камунар", "22-гі партзьезд".

Яшчэ больш высокая забруджанасьць збожжа стронцыям назіраецца ў гаспадарках Брагінскага раёну. Да прыкладу, азімая пшаніца калгасу "Шлях да камунізму" ўтрымлівала 28 бекэрэляў, а авёс ажно 37 – утрая вышэй за норму.

Такую інфармацыю падала радыёлягічная лябараторыя абласной праектна-вышуковай станцыі мэханізацыі сельскай гаспадаркі. Гэтая ўстанова правярае якасьць новага ўраджаю. На станцыі выяўленая моцная забруджанасьць стронцыям жыта, ячменю, пшаніцы, аўсу ў калгасах "Чырвонакастрычніцкі", "Дубавіцкі" Буда-Кашалёўскага раёну, а таксама шэрагу гаспадарак Веткаўскага раёну.

Дзьве зь іх: калгасы "Зара" і "60 год кастрычніку" на будучым тыдні зьбіраецца наведаць Аляксандар Лукашэнка. Але ўлічваючы штогадовы недахоп збожжа ў краіне, наўрацьці праблеме заражанасьці будзе нададзеная адпаведная ўвага. Хіба толькі, як кампэнсаваць калгасам выдаткі ў зьвязку зь няякасным ураджаем.

XS
SM
MD
LG