Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 жніўня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Перагляд справы Міхаіла Чыгіра прызначаны на 18 жніўня нягледзячы на тое, што абарона Чыгіра яшчэ не завершыла азнаямленьня з пратаколамі папярэдняга працэсу. Такое прысьпешваньне экс-прэм'ер Міхаіл Чыгір тлумачыць жаданьнем ўладаў вывесьці яго з перадвыбарчага маратону.

З Менскага гарадзкога суду, дзе судзілі Міхаіла Чыгіра, прыйшло паведамленьне, што ўжо прызначаны дзень касацыйнага разгляду Чыгіровай справы Вярхоўным судом. Перагляд адбудзецца 18 жніўня. Міхаілам Чыгіром і ягонымі адвакатамі, якія ініцыявалі працэдуру перагляду справы па касацыйнай скарзе, гэтая навіна ўспрынята тым ня меньш неадназначна. Экс-прэм'ер кажа пра заўчаснасць рашэньня, паколькі не выкананыя да канца ўсе неабходныя працэдуры азнаямленьня з матэрыяламі першага працэсу, і выказвае думку, што рашэньне тлумачыцца палітычнымі матывамі.

(Чыгір: ) "Гэта ня тое што нечакана – гэта парушэньне ўсіх правоў. Мяне, як абвінавачанага і маёй абароны. Абарона да канца не азнаёмілася з матар'яламі гарадзкога суду. Тыя матар'ялы, якія падрыхтавала пракуратура, яны падрыхтавалі свой пратэст толькі ў пятніцу. Перад азнаямленьнем з гэтымі матар'яламі. Гэтыя матар'ялы адпраўленыя ў Вярхоўны суд. Таму парушаныя правы мае, правы абароны".

Міхаіл Чыгір быў асуджаны ў траўні гарадзкім судом Менску. Чыгіра палічылі вінаватым ў службовых злоўжываньнях і далі яму тры гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня на працягу двух гадоў. Гэта, так бы мовіць, выпрабаваўчы тэрмін для былога прэм'ера. Таксама яго прысудзілі да спагнаньня сумы, роўнай ажно 210 тысячам даляраў, быццам бы за нанесеныя дзяржаве страты. Чыгір, аднак сцвярджае, што ніякіх стратаў дзяржаве не наносіў, віну сваю ён не прызнае і намераны даказаць гэта ў Вярхоўным судзе.

Аднак цяпер, пасля таго, як насуперак працэсуальнаму кодэксу справу заўчасна перадалі ў Вярхоўны суд, Чыгір ўжо асаблівых спадзяваньняў на гэты перагляд не ўскладае. Ён кажа, што спадзявацца на аб'ектыўнасьць і непрадузятасць магчыма было б, калі б не было ўмяшальніцтва ўладаў, цяпер жа яно відавочнае. А мэту гэтага ўмяшальніцтва Міхаіл Чыгір бачыць ў маючых адбыцца ўвосень парлямэнцкіх выбарах.

(Чыгір: ) "Улады думаюць не даць магчымасьці мне ўзяць удзел у парляманцкіх выбарах. Канчатковага рашэньня я яшчэ не прыняў, але я маю магчымасьць зараз браць удзел у выбарах."

Сёньня падчас сустрэчы з пасланцамі ПАСЭ экс-прэм'ер Беларусі праінфармаваў іх пра рашэньне Вярхоўнага суду аб хуткім пераглядзе ягонай справы і пра свае падазрэньні наконт вызначанасьці гэтага перагляду. Чыгір кажа, што ягоныя словы былі сустрэтыя з паразуменьнем.

Адзначым для ведама, што працэс над Міхаілам Чыгіром цягнуўся ледзь не пяць месяцаў, справа налічвае сямнаццаць тамоў. Але якіх бы памераў ні была справа, перагляд адбываецца вельмі хутка – звычайна судзьдзі ўкладаюцца ўсяго ў некалькі гадзінаў. Калі калегія крымінільных справаў Вярхоўнага суду не задаволіць касацыю Міхаіла Чыгіра, ягоныя магчымасці абскарджваць прысуд ў Беларусі будуць вычарпаныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG