Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 жніўня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

У Менску ля будынку McDonald's на пляцы Бангалёр адбыўся пікет у падтрымку сваякоў зьніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага й Зьмітра Завадзкага.

Сярод пікетоўцаў былі прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў і палітычных партыяў. Яны трымалі фотаздымкі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага й плякаты з патрабаваньнем да ўладаў спыніць выкраданьні людзей.

Гаворыць жонка Анатоля Красоўскага Ірына:

(Красоўская: ) "Я спадзяюся на тое, што, магчыма, гэты пікет падштурхне ўлады да далейшага расьсьледваньня гэтых справаў. Спадзяюся хоць нешта даведацца пра лёс майго мужа. Я разумею, што прайшло шмат часу, але надзея застаецца. Я выйшла на пікет, каб нагадаць людзям, што ў гэтай краіне зьнікаюць людзі, што жыць у гэтай краіне небясьпечна".

Людміла Бажок, сябра Рады АГП:

(Бажок: ) "Я прыйшла на пікет, каб падтрымаць тых родных, блізкіх і сваякоў. Я сама асабіста сябра і Ганчара, і Захаранкі. Я веру, што яны вернуцца. Падтрымаць родных і сяброў, якія зьніклі. Людзі вернуцца. І Завадзкі, і Красоўскі. І Ганчар, і Юрась Захаранка. Гэта страшна, калі зьнікаюць людзі".

Удзельніца пікету дэпутатка Вярхоўнага Савету Людміла Гразнова паведаміла "Радыё Свабода":

(Гразнова: ) "Толькі нашая салідарнасьць, толькі нашае таварыства нас ратуе. Трэба ратаваць сябе і сваю дзяржаву. Калі ня будзе пікету, мітынгу, газэты, будзем як ва Ўзбэкістане, дзе ніхто нічога ня можа сказаць супраць дыктатара.

Тэму працягнуў сябра БГК Зьміцер Маркушэўскі:

(Маркушэўскі: ) "Мая прысутнасьць тут абумоўленая апошнімі падзеямі ў Беларусі, калі зьнікаюць людзі. У мінулым годзе ў краіне зьніклі больш за паўтары тысячы чалавек. Сярод іх – палітычныя актывісты. Палітычная дзейнасьць можа быць прычына".

Праваабаронцы паведамілі, што адпаведныя пікеты будуць адбывацца штомесяц на працягу года ў розных кропках Менску.

XS
SM
MD
LG