Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 жніўня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Сёньня беларуская палітычная апазыцыя і афіцыйныя улады сышліся твар у твар пад час "круглага стала", што быў зарганізаваны на просьбу дэлегацыі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Замежныя парлямэнтарыі маглі ацаніць і стыль паводзінаў, і аргумэнтацыю бакоў, і ўменьне пераконваць.

Міжнародныя парлямэнтарыі ня толькі пачулі аргумэнты й факты. Тое-сёе (напрыклад, тэхнічныя прыстасаваньні, якія дазвалялі праслухоўваць тэлефонныя размовы Анатоля Лябедзькі) яны нават пабачылі.

Зразумела. што супраць такіх канкрэтных фактаў урадаваму боку пярэчыць было надзвычай цяжка. І ўвогуле, было бачна: урадавы бок (асабліва Посахаў, Баранкевіч, Шыманскі) рабілі акцэнт на эмацыйны бок справы. Апазыцыя свае погляды выкладала з дапамогаю канкрэтыкі. І гэта было значна больш пераканаўча.

Вось красамоўны прыклад. Сяргей Посахаў сьцьвярджае, што новы законапраект пра "Палату прадстаўнікоў", які будзе прыняты на восеньскай сэсіі, значна павялічыць паўнамоцтвы парлямэнту. І не прыводзіць аніякіх доказаў. А Мечыслаў Грыб дае будучаму закону абсалютна негатыўную ацэнку…

(Грыб: ) "Больш неюрыдычнага дакумэнту я ня бачыў. Там ніякіх пашырэньняў паўнамоцтваў для парляманту няма. Наагул што да паўнамоцтваў парляманту, там зроблены толькі адзін запіс: гэтыя паўнамоцтвы вылучаюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. І ўсё. Ён мне нагадвае рэглямант работы Палаты. Жудасна, проста жудасна глядзець на гэта ўсё…"

А канчаткова й нечакана, як кажуць, "пахаваў" сьцьвярджэньне Посахава дэпутат "Палаты прадстаўнікоў" Анатоль Красуцкі. Ён наўпрост сказаў, што паўнамоцтвы й функцыі новага парлямэнту цяперашняя "палата" можа зьмяніць, але ані ў якім разе не закранаючы Канстытуцыю 1996 году. Такім чынам, магчымыя толькі касмэтычныя, а не прынцыповыя папраўкі. Невыпадкова словы Красуцкага выклікалі сярод прысутных выбух сьмеху.

Яшчэ адзін характэрны прыклад. Генэрал Баранкевіч заяўляе, што Выбарчы кодэкс (паколькі ў ім ўлічаныя пераважна папраўкі гэтак званага "грамадзка-палітычнага дыялёгу") найлепшым чынам дае магчымасьць зрабіць выбарчы працэс цалкам дэмакратычным. Міхал Пліска ў адказ абгрунтоўвае, чаму паводле гэтага Кодэксу нельга правесьці дэмакратычныя і свабодныя выбары.

(Пліска: ) "Раней ня трэба было рэгістраваць у акрузе, дзе вылучаецца кандыдат, першасьцевую арганізацыю. Невядома адкуль узялася прапанова. Яе ўнёс прэзыдэнт. Яна прынамсі не гучэла ў часе так званага грамадзка-палітычнага дыялёгу. Арганізацыйная структура павінная набыць дакумэнт у выканаўчым камітэце. Мы добра ведаем, як ставілася выканаўчая ўлада да рэгістрацыі ў рэгіёнах дэмакратычных арганізацыяў. Старшыня камісіі без матывацыі можа сам выдаліць назіральніка з тэрыторыі ўчастку".

Дэлегацыі Рады Эўропы трэба будзе ацаніць усе доказы й выступы. На "круглым стале" нейкіх высноваў эўрапейскія парлямэнтарыі не рабілі. Толькі кіраўнік дэлегацыі Тэры Дэйвіс дазволіў сабе адну рэч. Ён сказаў, што "мы не такія наіўныя і простыя людзі, як некаторыя думаюць".

Тут важна патлумачыць кантэкст гэтага сказу. Паводле Дэйвіса, міжнародных спэцыялістаў вельмі турбуе магчымасьць датэрміновага галасаваньня й галасаваньня па-за выбарчымі ўчасткамі. Гэта стварае спрыяльную глебу для магчымых фальсыфікацыяў.

Каб разьвеяць гэты сумнеў, сёньня улады завезьлі дэлегацыю на сустрэчу з акруговай выбарчай камісіяй. І там старшыня камісіі паведаміў: на папярэдніх выбарах з 1.500 выбаршчыкаў правам датэрміновага галасаваньня й галасаваньня па-за выбарчым участкам скарысталіся толькі 44 чалавекі. Гэта, маўляў, дробязь. Але ж ёсьць і іншая інфармацыя. На ўчастку аднаго з кандыдатаў у дэпутаты мінулы раз 400 зь 900 выбаршчыкаў галасавлі або датэрмінова, або дома. Пасьля гэтага й прагучалі словы спадара Дэйвіса пра "наіўных людзей".

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, канчатковае рашэньне пра накіраваньне або йгнараваньне міжнароднымі назіральнікамі выбараў у Беларусі будзе прынятае на адмысловай тэхнічнай канфэрэнцыі ў Вене 30 жніўня. Плянуецца таксама, што 13 жніўня ў сталіцы Аўстрыі пройдзе папярэдні раўнд канфэрэнцыі.

XS
SM
MD
LG