Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 жніўня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Дэлегацыя Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы наведала сёньня ўраніцу менскі сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага і калёнію на вуліцы Кальварыйскай. Спадары Тэры Дэйвіс, Вольфганг Бэрандт і Цырыл Свобада сустрэліся там са зьняволенымі дэпутатамі Вярхоўнага Савету Андрэям Клімавым і Ўладзімерам Кудзінавым.

Сябры дэлегацыі Рады Эўропы атрымалі згоду ўладаў на сустрэчы з Клімавым і Кудзінавым, яшчэ ў першы дзень свайго знаходжаньня ў Менску. Спадары Дэйвіс, Бэрандт і Свобада хацелі на ўласныя вочы паглядзець, у якіх умовах утрымліваюцца палітвязьні, ды пачуць ад іх, чаму яны трапілі ў турмы.

Пасьля сустрэчаў з Клімавым і Кудзінавым, дакладчык камітэту ПА Рады Эўропы ў правох чалавека і юрыдычных пытаньнях Цырыл Свобада паведаміў нашаму радыё:

(Свобада: ) "Мы вельмі ўдзячныя за прадастаўленую магчымасьць сустрэцца са спадарамі Клімавым і Кудзінавым. Сёньня мы іх наведалі. Гэта моцныя асобы з моцнай воляй. І мы лічым, што рана ці позна справядлівасьць будзе адноўленая, і па іх справах вынясуць справядлівае рашэньне. Для нас гэта вельмі важны момант, бо мы лічым, што там яны знаходзяцца з палітычных прычынаў.

Мы ўжо зьвярнуліся да прэм'ер-міністра Беларусі й да міністра юстыцыі з просьбаю зрабіць захады дзеля вызваленьня спадара Клімава й спадара Кудзінава".

(Карэспандэнт: ) "Якое Вашае асабістае ўражаньне ад пабачанага, як выглядаюць зьняволеныя, што яны кажуць?"

(Свобада: ) "Мяне парадавала, што яны знаходзяцца ў добрым настроі. І я тлумачу гэта па-першае тым, што яны – людзі з моцным характарам. Па-другое, яны адчуваюць падтрымку і з боку сваіх сем'яў, і з боку незалежных арганізацыяў, і з боку міжнароднае супольнасьці".

Гаварыў дакладчык камітэту ПА Рады Эўропы ў правох чалавека і юрыдычных пытаньнях, чэскі парлямэнтар Цырыл Свобада.

Паводле словаў спадара Свобады, сустрэчы з Андрэям Клімавым і Ўладзімерам Кудзінавым цягнуліся прыкладна па 20–25 хвілінаў.

У часе гутаркі эўрапейскіх парлямэнтароў зь беларускімі палітвязьнямі прысутнічалі й прадстаўнікі адміністрацыі турмаў, аднак размове не перашкаджалі. Цырыл Свобада паведаміў, што спадары Клімаў і Кудзінаў былі даволі адкрытымі ў размове й казалі тое, што хацелі.

На пытаньне ж – калі стане вядома, ці будуць назіральнікі ад ПА Рады Эўропы сачыць за восеньскімі выбарамі, ці не? – спадар Свобада адказаў наступнае:

(Свобада: ) "Я не гатовы адказаць на гэтае пытаньне. Таму, што сёньня ў нас будзе яшчэ шэраг сустрэчаў. Зь міністрам замежных справаў, сустрэча за круглым сталом з прадстаўнікамі палітычных партыяў, а таксама сустрэчы зь некаторымі кандыдатамі, якія пойдуць на выбары як незалежныя. І сваю канчатковую думку мы сфармулюем у канцы нашага візыту – гэта значыць, у пятніцу ўраніцу".

Гэта быў сябра дэлегацыі ПА Рады Эўропы Цырыл Свобада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG