Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 жніўня 2000 г.


Кастусь Бандарук

Сёньня спаўняецца 10 гадоў з часу, як Ірак напаў на суседні Кувэйт і на працягу трох тыдняў цалкам заняў краіну. Праз паўгады заходняя кааліцыя на чале з ЗША прыступіла да апэрацыі "бура ў пустыні", у выніку якой Кувэйт быў вызвалены, а Ірак да сёньняшняга дня плаціць высокую цану за напад на суседнюю арабскую краіну…

Нападу Іраку на Кувэйт папярэднічала прапагандысцкая кампанія, згодна зь якой гэтая невялікая, але неверагодна багатая на нафту краіна зьяўляецца ірацкай правінцыяй. Сілы былі няроўныя, і, незважаючы на заўзяты супраціў, ірацкія войскі хутка занялі ўвесь Кувэйт. Затым пачала завязвацца антыірацкая кааліцыя. З дазволу Саўдаўскай Аравіі, на ейнай тэрыторыі былі разьмешчаныя каля паўмільёна вайскоўцаў з шэрагу краінаў сьвету і вялікая колькасьць ваеннай тэхнікі.

У студзені 91 году пачалася буйнамаштабная апэрацыя пад назовам "бура ў пустыні". У яе выніку загінулі 148 заходніх вайскоўцаў, Багдад выпусьціў некалькі ракэтаў на Ізраіль, прывёў да расколу сярод арабскіх краінаў, але апэрацыя закончылася поўнай паразай Іраку і прывяла да вызваленьня Кувэйту.

Ірацкія вайскоўцы паводзілі сябе ў Кувэйце, як гішпанскія заваёўнікі ў Амэрыцы. Яны мэтадычна рабавалі банкі, шпіталі, школы і прыватныя дамы. Дзеля выкупу бралі закладнікаў, і Кувэйт да сёньняшняга ня можа далічыцца 605 сваіх грамадзянаў. Пакідаючы краіну, ірацкія войскі падпалілі амаль усе нафтавыя сьвідравіны, што пагражала экалягічнай катастрофай ўсяму рэгіёну. "Нашыя раны незагоеныя да сёньняшняга дня",—напісала ў гадавіну нападу кувэйцкая газэта Аль-Анба.

Аднак, з другога боку, парадаксальна: вайна мела і станоўчыя вынікі. Кувэйт, дзе на 2 мільёны трыста тысячаў жыхароў 65% складаюць замежныя наёмныя работнікі, стаўся цалкам іншай краінай. Зараз краіна паступова адыходзіць ад ісламскіх традыцыяў і ператвараецца у ледзь не дэмакратычную. Адзіны сярод краінаў Пэрсыцкай затокі – Кувэйт мае парлямант, у які дэпутаты абіраюцца шляхам нармальнага галасаваньня. Жанчыны атрымалі права голасу, моладзь усё часьцей адмаўляецца ад традыцыйных ісламскіх халатаў і паранджы. У адрозьненьне ад іншых арабскіх краінаў, кувэйтцы удзячныя Захаду і любяць амэрыканцаў, а былога прэзыдэнта ЗША Буша проста абагаўляюць.

Калі Кувэйт ня можа ачуняць пасьля ірацкага нападу, дык Багдад тым болей не забудзе пра саюзны рэванш. ЗША ацэньваюць, што ў выніку "буры ў пустыні" 100 тысячаў ірацкіх вайскоўцаў загінулі, і 300 тысячаў былі параненыя. Паводле праваабарончых арганізацыяў, ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва было яшчэ больш. Ірацкія сілы страцілі 4 тысячы танкаў, 2 тысячы гарматаў і 240 самалётаў.

З 91-га году Рада ААН увяла супраць Багдаду эканамічныя санкцыі і запатрабавала ад Іраку зьнішчыць усю зброю масавага зьнішчэньня. У выніку санкцыяў, у параўнаньні зь 90-м годам, выдаткі на ахову здароўя зьменшыліся з 90 даляраў на асобу да 12-ці даляраў, і у 10 разоў зьменшыліся выдаткі на адукацыю. Іраку дазволена прадаваць толькі абмежаваную колькасьць нафты ў рамках праграмы "нафта за харчы", але гэтага недастаткова, і незайзросны лёс ірацкага насельніцтва пачынае выклікаць спачуваньне з розных бакоў.

Тры пастаянныя сябры Рады Бясьпекі ААН: Расея, Францыя і Кітай, даўжэйшы час даказваюць, што санкцыі не выконваюць свайго заданьня. Ад іх пакутуе толькі ірацкае грамадзтва, затое яны ні ў найменшай ступені не пахіснулі рэжым Саддама Гусэйна.

Неспадзявана такую-ж думку пачаў выказваць найгоршы вораг Багдаду, некалі адзін з найбольш непрыміральных інспэктараў ААН, якія назіралі за раззбраеньнем Іраку, Скот Рыттэр. Напярэдадні 10-й гадавіны ірацкага нападу на Кувэйт Рыттэр заявіў, што " Ірак фактычна раззброены", і што міжнародныя санкцыі супраць яго павінны быць скасаваныя.

Да прыхільнікаў скасаваньня санкцыяў далучыліся таксама праваабарончыя арганізацыі і нават Англіканская Царква. Яны ставяць пад сумнеў сэнс палітыкі ААН у дачыненьні да Іраку і лічаць санкцыі дарэмнымі, калі яны толькі зьнішчаюць інфраструктуру краіны і спрычыняюць галечу пераважнай большасьці насельніцтва.

Ацэнка ірацкага нападу на Кувэйт і затым саюзная аперацыя ў адказ
да сёньняшняга дня далёка не адназначныя. Паводле газэты Guardian, падзеі 90-91 гадаў былі гэастратэгічнай паразай Захаду. У 80-я гады ЗША і Велікабрытанія падтрымоўвалі Саддама Гусэйна ў вайне зь Іранам, але у 90 годзе прыйшлося зьмяніць стаўленьне да яго.

Потым, захоп Іракам Кувэйту і апэрацыя "бура ў пустыні" падзялілі ня толькі арабскі сьвет, але і заходнія грамадзтвы. Прэзыдэнт Буш, які у лютым 91-га году спыніў танкі перад Багдадам, да сёньняшняга дня ня ўпэўнены, ці добра зрабіў не дабіваючы ірацкага дыктатара. Тады ён палічыў, што дэзынтэграцыя Іраку горшая для рэгіёну, чым далейшае кіраваньне Гусэйна, але відавочна пралічыўся. Ірацкі народ сапраўды пакутуе ў выніку санкцыяў, але не адхіліў Гусэйна ад ўлады. У выніку рэжым Гусэйна трымаецца моцна, краіна супраціўляецца поўнаму раззбраеньню, палохае суседзяў і далей спрычыняе Захаду галаўны боль.

XS
SM
MD
LG