Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 02 жніўня 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

У газэце "Звязда" надрукаваны і набыў чыннасьць закон "Аб нарматыўных праўных актах Рэспублікі Беларусь", падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам яшчэ 10 студзеня. Цікава, што дэкрэты займаюць у ім толькі пятае месца пасьля Канстытуцыі, праграмных законаў, кодэксаў ды законаў…

Закон, ухвалены палатамі "Нацыянальнага сходу" напрыканцы 1999 году, забараняе дэлегаваць прэзыдэнту паўнамоцтвы на выданьне дэкрэтаў, якія прадугледжваюць зьмяненьне й дапаўненьне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і яе тлумачэньне. Гэта значыць, напрыклад, што Лукашэнка ня можа самастойна скасаваць палажэньні пра сувэрэнітэт, незалежнасьць, нэўтральнасьць ды бязьядравасьць Беларусі, што зафіксаваныя ў абедзьвюх вядомых рэдакцыях Канстытуцыі, і ня можа даць падобным палажэньням патрэбнае яму тлумачэньне.

У той жа час тэкст утрымлівае тое, што "з прычыны асаблівае неабходнасьці" можна выдаваць часовыя дэкрэты, якія маюць сілу закону. Найбольш супярэчлівая рэч, закладзеная ў гэты новы акт, зьмешчаная ў артыкуле 10-м: "У выпадку разыходжаньня дэкрэта або ўказа з законам закон дзейнічае толькі тады, калі паўнамоцтвы на выданьне дэкрэта або ўказа былі прадастаўленыя законам". Гэта значыць, калі паўнамоцтваў няма, можна выдаваць што хочаш, і гэта будзе важнейшым за закон.

За ўсё сваё існаваньне "Палата прадстаўнікоў" яшчэ ніколі не надавала такіх паўнамоцтваў Лукашэнку, а дэкрэтаў была процьма. Чаму? – запытаў я Аляксандра Пласкавіцкага, былога начальніка дзяржаўна-праўнае ўправы прэзыдэнцкай адміністрацыі…

(Пласкавіцкі: ) "Гэта тлумачыць вельмі проста. Прэзыдэнт ніколі не хацеў, каб былі нейкія рашэньні, якія маюць меншую сілу за законы. Таму ён ніколі не карыстаўся магчымасьцю атрымаць паўнамоцтвы на выданьне ўказаў ці дэкрэтаў, а выдаваў іх сам, абапіраючыся на нормы Канстытуцыі. Гэта рабіла ўсе ягоныя рашэньні маючымі большую за законы сілу".

Таксама ў законе сьцьвярджаецца, што кодэксы маюць большую юрыдычную сілу, але гэта на перашкодзіла Аляксандру Лукашэнку зьмяніць сваім дэкрэтам нормы новага Працоўнага кодэксу.

Яшчэ адна цікавая рэч датычыць мовы нарматыўных актаў: "Афіцыйнае апублікаваньне нарматыўных праўных актаў ажыцьцяўляецца на той дзяржаўнай мове, на якой яны прынятыя". Апублікаваньне ж на іншых мовах дапускаецца толькі пры наяўнасьці яго афіцыйнага перакладу на адпаведную мову, зацьверджанага дзяржаўным ворганам або службовай асобаю.

XS
SM
MD
LG