Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 жніўня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Працягваецца канфлікт паміж творчым калектывам тэатру "Вольная сцэна", ды Міністэрствам культуры. Зь 1 жніўня тэатар беларускае драматургіі застаўся без свайго стваральніка ды нязьменнага мастацкага кіраўніка Валерыя Мазынскага.

Гэта адбылося з-за адмовы міністра культуры Аляксандра Сасноўскага прадоўжыць са спадаром Мазынскім працоўны кантракт. З чым рашуча не пагадзіўся творчы калектыў тэатру. Асабліва абурыла актораў нічым не абгрунтаваная фармулёўка міністра пра "нямэтазгоднасьць" працягу кантракту. Сваю нязгоду яны выклалі ў калектыўным лісьце спадару Сасноўскаму.

Як ні дзіўна, але міністр адказаў даволі хутка, не чакаючы фармальна ўстаноўленага месячнага тэрміну.

"Рашэньне пра нямэтазгоднасьць працягу кантракту з В.Я.Мазынскім прынята міністэрствам паводле вынікаў ягонае працы за некалькі апошніх гадоў", – піша спадар Сасноўскі. Праца гэтая, – лічыць міністар, – малаэфэктыўная. І пералічае далей ўсе мінусы выбітнага рэжысэра, пад кіраўніцтвам якога тэатар "Вольная сцэна" за дзесяць гадоў свайго існаваньня стаў зьяваю беларускага мастацтва.

Але пра посьпехі тэатру на міжнародных фэстывалях міністар ня згадвае, бо яны супярэчаць ягонае выснове. Якая палягае ў дзіўным цьверджаньні, што задача мастацкага кіраўніка, аказваецца, ня ў тым, "каб вызначаць агульную палітыку тэатру, але асабістымі канкрэтнымі дзеяньнямі практычна яе рэалізоўваць".

Гэтае тлумачэньне міністра яшчэ больш заблытала трупу тэатру. Хто ж, як не Мазынскі, кажучы словамі міністра, "асабістымі канкрэтнымі дзеяньнямі практычна рэалізоўваў" палітыку тэатру? Пад чыім канкрэтна кіраўніцтвам яны дамагаліся прызнаньня ў беларускага гледача? З кім заваёўвалі прызы на прэстыжных міжнародных фэстах? І, нарэшце, самае незразумелае – якія яшчэ службовыя абавязкі ў мастацкага кіраўніка могуць быць важнейшыя за кіраўніцтва творчым працэсам калектыву?

Адказы на ўсе гэтыя пытаньні трупа хоча атрымаць ад міністра пры асабістай сустрэчы. Аднак спадар Сасноўскі не сьпяшаецца ў тэатар. Ён, дарэчы, за час свайго міністэрства наогул ні разу ня быў на "Вольнай сцэне" і пра ўсе здабыткі калектыву і ягонага мастацкага кіраўніка робіць высновы, ня бачыўшы іх. Запрашэньне на сход калектыву з нагоды пазбаўленьня спадара Мазынскага пасады міністар таксама прайгнараваў.

Цяпер трупа спрабуе дамагчыся аўдыенцыі зь міністрам у ягоным кабінэце, аднак у таго ўсе гэтыя дні знаходзяцца больш важныя справы. Найбольш рашучыя акторы заклікаюць калегаў распачынаць вулічныя акцыі пратэсту і 1 жніўня калектыў быў ужо наважыўся зладзіць на пляцы Незалежнасьці несанкцыяваны пікет. Аднак у самы апошні момант ад гэтае задумы акторы адмовіліся. І ўвечары ў прызначаны час на пляцы быў толькі іхны, цяпер былы ўжо, мастацкі кіраўнік. Акторы ж вырашылі спачатку пачакаць, калі іх выслухае міністар, мяркуючы, што сваім публічным пратэстам нашкодзяць таму, каго бароняць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG