Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 жніўня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

У Маскоўскі суд Менску прывезьлі намесьніка старшыні гарадзкой арганізацыі АГП Ўладзімера Раманоўскага, які правёў ноч у спэцпрыёмніку на Акрэсьціна. Ён быў затрыманы за тое, што намагаўся разам зь сябрамі АГП перадаць пэтыцыю ў Менскі гарвыканкам.

Учора спадар Раманоўскі разам зь іншымі сябрамі АГП намагаўся перадаць пэтыцыю ад імя палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў у Менскі гарадзкі выканкам. У пэтыцыі быў заклік да афіцыйных уладаў, каб тыя не парушалі Канстытуцыю, згодна зь якой грамадзяне маюць права на правядзеньне мірных сходаў, мітынгаў і вулічных шэсьцяў. Напрыканцы пэтыцыі было дапісана: "Сабачнік не прапаноўваць".

Намесьнік старшыні гарадзкой арганізацыі АГП два разы тэлефаніў у Менскі гарадзкі выканкам, каб хто-небудзь прыняў пэтыцыю. Але безвынікова. Пра тое, што адбылося далей, распавядае Ўладзімер Раманоўскі:

"Я быў дома. Потым вырашыў паехаць да дачкі, выйшаў на лесьвічную пляцоўку, а там мяне ўжо чакалі супрацоўнікі Маскоўскага РАУСу. Яны адвезьлі мяне ў аддзел міліцыі. Там я ў сваім тлумачэньні напісаў, што аніякага пікету не было. Я прыехаў да будынку Менскага гарадзкога выканкаму, каб далучыцца да іншых людзей, якія намагаліся перадаць пэтыцыю. Але міліцыянты настойвалі на сваім.

Аб 11-й гадзіне вечару мяне адвезьлі ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцу Акрэсьціна, дзе я і правёў усю ноч", – паведаміў Уладзімір Раманоўскі.

Сёньня судзьдзя Зьміцер Антановіч павінен быў разгледзець адміністрацыйную справу Ўладзімера Раманоўскага, узбуджаную супрацоўнікамі Маскоўскага РАУСу паводле артыкулу 167 часткі другой Адміністрацыйнага кодэксу (арганізацыя або паўторны ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі). Гэтае абвінавачваньне прадугледжвае пакараньне ў выглядзе вялікага грашовага штрафу, або ад 10 да 15 сутак арышту.

Паколькі Раманоўскі заявіў хадайніцтва пра ўдзел адваката, разгляд адміністрацыйнае справы перанесены на 7 жніўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG