Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 02 жніўня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Доступ палітычнай апазыцыі да дзяржаўных СМІ і неабходнасьць унутранага назіраньня за выбарамі ў "Палату прадстаўнікоў" сталі галоўнымі тэмамі другога працоўнага дня ў Менску дэлегацыі Парляменцкай асамблеі Рады Эўропы.

Кіраўнік эўрапейскае дэлегацыі Тэры Дэйвіс паказаў ліст, які ён атрымаў праз Міністэрства замежных справаў Беларусі. Згодна з гэтым дакумэнтам, 60 апазыцыянэраў, сярод якіх узгадваюцца, напрыклад, прозьвішчы Багданкевіча, Статкевіча ды іншых, апошнім часам выступілі ў дзяржаўных мас-мэдыях. Вось і ўзьнікла ў брытанскага парлямэнтара пытаньне: як зьвязаць гэты факт са словамі апазыцыі пра тое, што яна, як і раней, ня мае доступу да дзяржаўных СМІ?

Каб разабрацца ў сытуацыі, спадар Дэйвіс запрасіў на размову старшыню Дзяржкамдруку Падгайнага, новага кіраўніка Нацыянальнае тэлевізіі ды радыё Чыкіна, галоўнага рэдактара "Народнае Волі" Сярэдзіча, выдаўца газэты "Наша Свабода" Паўла Жука, экспэртаў у справах СМІ Герасіменку, Нісьцюка, Тапарашава ды іншых…

Вось што вынес для сябе з гэтай размовы Вячаслаў Герасіменка:

(Герасіменка: ) "Сп.Фядута сказаў, што іхная група па сродках масавай інфармацыі ў часе так званага "дыялёгу" паміж уладай і апазыцыяй прапанавала свой варыянт доступу апазацыі да СМІ, які ня быў прыняты. І прычым ён нагадаў, што таксама ня быў прыняты пратакол, які падпісалі экспэрты ў пытаньнях СМІ ад Кансультацыйнай Рады апазыцыйных палітычных партыяў і ад прадстаўнікоў уладаў. Прычым наш пратакол ён назваў "радыкальным".

Я ня згодзен і нагадаю, напрыклад, пару момантаў: "Панарама", якая ідзе прыкладна 50 хвілінаў – апазыцыя прасіла толькі паўтары хвіліны. Раённыя, мясцовыя СМІ: любая газэтка як мінімум два разы на тыдзень выходзіць – апазыцыя прасіла 60-70 радкоў раз на тыдзень. Хіба гэта можна назваць радыкальным?

Пратакол, які быў падпісаны паміж прадстаўнікамі ад апазыцыйных палітычных партыяў і ўрадавым бокам, мае прынцыповыя адрозьненьні. Наш пратакол даваў гарантыі апазыцыі пэрыядычнага пастаяннага выступу."

Гэта быў экспэрт у справах СМІ ад палітычнай апазыцыі Вячаслаў Герасіменка.

Менавіта так, палітычная апазыцыя хоча мець гарантаваны доступ да дзяржаўных мас-мэдыяў. Сёньня ж урадавы бок дыктуе: захоча – пусьціць на блакітны экран кагосьці зь іншымі, чым ва ўлады, думкамі. А калі такога жаданьня няма – забараняюць выхад у эфір. Больш таго, цяпер улады хочуць зьмяніць і гэтую тактыку.

Паслухаем ізноў Вячаслава Герасіменку.

(Герасіменка: ) "У часе сустрэчы сп.Чыкін заявіў, што да электронных СМІ будуць дапускацца толькі тыя партыі, якія прымуць удзел у выбарах. Тут прамая дыскрэдытацыя партыяў, паколькі многія лічаць, што ў нас будуць ня выбары, а фарс, і партыі не прымаюць удзелу ў гэтых выбарах. Яны ня могуць растлумачыць народу сваю пазыцыю: чаму яны ігнаруюць гэтыя парляманцкія выбары.

Такім чынам хочуць падмяніць паняцьце доступу апазыцыі і асобных людзей, якія маюць намер пайсьці на выбары."

Гэта быў экспэрт у справах мас-мэдыяў Вячаслаў Герасіменка.

Падобна, што спадар Дэйвіс усё ж у асноўным разабраўся зь нязвыклай для яго беларускай сытуацыяй. Пра гэта паведаміў пад час асобнай сёньняшняй сустрэчы з экспэртамі ў справах СМІ кіраўнік КНГ АБСЭ ў Беларусі Ганс-Георг Вік.

Кожны дзень знаходжаньня ў Менску дае эўрапейскай дэлегацыі новыя факты для разважаньняў. Учора, напрыклад, старшыня афіцыйнага Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына сьцьвярджала: большасьць заявак ад партыяў і арганізацыяў на удзел іх прадстаўнікоў у акруговых камісіях задаволеныя. А сёньня старшыня Беларускага Клюбу выбаршчыкаў Уладзімер Гудзееў на сустрэчы з эўрапейскімі парлямэнтарыямі заявіў: Клюб прапанаваў у камісіі 48 чалавек, і ніводны зь іх ня быў Цэнтарвыбаркамам зацьверджаны.

Спадар Гудзееў быў у ліку тых, з кім дэлегацыя Рады Эўропы раілася наконт неабходнасьці ўнутранага назіраньня за выбарамі. Тут думка адзіная: нават калі міжнародныя арганізацыі адмовяцца прысылаць сваіх прадстаўнікоў на выбары, унутраны маніторынг трэба весьці.

Але кваліфікаваных назіральнікаў не хапае. Таму да 15 кастрычніка плянуецца правесьці яшчэ каля сотні адмысловых сэмінараў. Гэта дасьць магчымасьць давесьці колькасьць назіральнікаў прыкладна да трох з паловаю тысячаў.

XS
SM
MD
LG