Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 жніўня 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

Дзесяць гадоў таму, 1 жніўня 1990 года, уступіў у дзеяньне прыняты Вярхоўным Саветам СССР Закон "Аб друку". Рэдактары беларускіх недзяржаўных выданьняў лічаць, што тады прэса мела лепшыя пэрспэктывы, чым у сёньняшняй Беларусі.

Прыняцьцё Закону "Аб друку" без перабольшваньня можна назваць гістарычным момантам. Тагачасны кіраўнік СССР Міхал Гарбачоў праводзіў палітыку перабудовы й галоснасьці, і свабода прэсы стала першым рэальным здабыткам гэтае лініі. З прыняцьцём закону ўпершыню за савецкі час прэса атрымала для сваёй дзейнасьці заканадаўчую базу, скасоўвалася цэнзура СМІ.

Пра значэньне гэтага закону, пра атмасфэру пачатку 90-х у нашай праграме ўзгадваюць і разважаюць рэдактары незалежных газэтаў "Наша Свабода" і "Свободные Новости" Павал Жук і Аляксандар Уліцёнак. У пачатку 90-х яны, дарэчы, знаходзіліся на процілеглых палюсах журналістыкі. Жук выдаваў напаўпадпольнае апазыцыйнае выданьне – "Свабоду", а Уліцёнак быў карэспандэнтам газэты "Правда" – галоўнага воргану ЦК КПСС.

Гаворыць Павал Жук:

(Жук: ) "90 год – гэта час рамантызму: як у палітыцы, так і ў СМІ і ва ўсім грамадзтве. І, па сутнасьці, той закон, прыняты Савецкім Саюзам, зьявіўся магільшчыкам таго самага саюзу.

Што да "Свабоды", то для нас гэта было кардынальнае выйсьце. Таму што тады, у 90-ым годзе, мы друкаваліся за мяжой. Гэта была цэлая эпапея: надрукаваць газэту ў Літве ці ў Латвіі. Пасьля ўступленьня ў сілу гэтага закону мы ўжо маглі на законных падставах друкавацца ў краіне. Гэта дало магчымасьць рабіць газэту больш прафэсійна, апэратыўна, уздымаць тыраж і больш узьдзейнічаць на людзей."

А вось як ацэньвае значэньне Закона "Аб друку" Аляксандар Уліцёнак:

(Уліцёнак: ) "Увогуле закон аб друку нарадзіў тады, у 90-ым, сёньняшнюю недзяржаўную агульнанацыянальную прэсу, у тым ліку "Свободные новости". Дзякуючы гэтаму закону, у нас разьвязаліся рукі, каб рэалізаваць тое, аб чым мы марылі кожны ў сваёй газэце – а мы тады працавалі ўсе ў партыйнай прэсе. І вось мы – тыя, хто быў у агульным партыйным шынялі – жылі надзеяй на нейкія перамены, чакалі гэтых пераменаў. І той закон дазволіў нам адчуць паветра волі. Аднойчы глынуўшы яго, мы засталіся пэўныя, што трэба адмаўляцца ад партыйнай журналістыкі."

Партыйная журналістыка памерла даволі хутка, яшчэ ў пачатку 90-х. За гэтыя дзесяць гадоў беларуская прэса прайшла складаны й пакручасты шлях. Як можна ацаніць гэты пэрыяд? Чаго ў ім было больш – здабыткаў ці стратаў?

Меркаваньне рэдактара й заснавальніка газэты "Наша Свабода" Паўла Жука:

(Жук: ) "Калі параўнаць, то да 94 году СМІ разьвіваліся нармальна, у эўрапейскім кантэксьце. Былі ўжо прапанаваныя і заходнія інвэстары, якія працуюць са СМІ. Мы маглі б рэальна стаць чацьвертай уладай. Мы маглі б стаць рэальным бізнэсам, даць магчымасьць нармальна зарабляць сваім журналістам, а чытачам – даваць поўную інфармацыю аб тым, што робіцца ў краіне.

Але пасьля 94 году, пасьля таго, як стаў кіраваць Лукашэнка, пасьля таго, як пачаў аддаваць інфармацыйную прастору расейскім СМІ, незалежныя нацыянальныя СМІ сталі проста змагацца за выжываньне."

Аляксандар Уліцёнак настроены яшчэ больш пэсымістычна:

(Уліцёнак: ) "На маю думку, лягчэй было тады. Бо той час падараваў нам надзею, сьмеласьць, і ніхто гэтую сьмеласьць у нас ня мог адняць. Але сёньня, застаўшыся пры сваёй сьмеласьці, якая нас падтрымлівае, мы страцілі надзею на тое, што прэса можа разьвівацца, што мы зможам адужаць нейкія новыя вяршыні. На жаль, асабіста ў мяне надзеі застаецца ўсё менш. Але сьмеласьць застаецца."

І яшчэ адно. Аніводнае беларускае выданьне (прынамсі, сёньня) не адгукнулася на гадавіну прыняцьця Закону "Аб друку". Таксама я прагледзеў усе расейскія газэты і інтэрнэт-выданьні – пра 10-годзьдзе свабоды друку не ўзгадаў ніхто.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG