Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 жніўня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

З адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі зьвярнуўся старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Уладзімер Ганчарык. Ён патрабуе, каб Лукашэнка прынёс яму прабачэньне за публічную абразу ў часе нядаўняе сэлектарнае нарады.

"Зь недаўменьнем і засмучэньнем выслухаў Ваш выступ на сэлектаранай нарадзе ў пытаньнях арганізацыі ўборачнай кампаніі, – напісаў Лукашэнку Ўладзімер Ганчарык. – Заўсёды лічыў, што непавага да іншых, грубасьць – ня лепшыя чалавечыя якасьці. Такі ўчынак ня робіць гонару любому чалавеку – тым болей, кіраўніку дзяржавы". "У Вас, – падкрэсьлівае старшыня Фэдэрацыі, – ёсьць магчымасьць выправіць памылку – папрасіце прабачэньня".

У сваім адкрытым лісьце Ўладзімер Ганчарык нагадвае Лукашэнку пра пазыцыю прафсаюзаў адносна цяперашніх падзеяў у Беларусі. У прыватнасьці, зазначаецца, што Фэдэрацыя выступае за выпраўленьне сацыяльна-эканамічнага курсу, стварэньне нармалёвых умоваў гаспадараньня, у тым ліку на вёсцы.

Прафсаюзы выступаюць таксама за скарачэньне неабгрунтаваных дзяржаўных выдаткаў, стварэньне новых працоўных месцаў і рэформу заробкавай платы. Хіба невядома, – зьвяртае ўвагу Лукашэнкі лідэр афіцыйных прафсаюзаў, – што зараз у краіне абясцэньваецца праца і амаль палова грамадзянаў ледзь зводзіць канцы з канцамі. Рабіць выгляд, што ўсё добра – азначае, паводле Ганчарыка, заплюшчваць вочы на сапраўднае становішча справаў. Старшыня Фэдэрацыі падкрэсьлівае, што гэта і ягоная асабістая пазыцыя.

Напрыканцы ліста аўтар настойвае, каб Лукашэнка даў указаньне спыніць сачэньне, пагрозы, кампанію дыскрэдытацыі як прафсаюзаў, гэтак і сваёй асобы.

Ці папросіць Лукашэнка прабачэньня ў Ганчарыка? Як лічаць многія назіральнікі, гэты адкрыты ліст застанецца без адказу. Мяркуючы па апошняй тэлепраграме Аляксандра Зімоўскага, працягнецца й дысрэдытацыя прафсаюзаў ды іхных лідэраў. Напрыклад, абвінавачваньні ў фінансавых махлярствах.

Вось як пракамэнтаваў гэтыя абвінавачваньні нашаму радыё Ўладзімер Ганчарык:

"Гэта бяздоказна. Цягнуцца яны даўно. Калісьці быў прафсаюзны банк, як і іншыя банкі. Хіба можна ня ведаць, што ўжо доўгі час няма гэтага банку, што ён акцыянаваны. І што мы ўжо не кантралююем яго. Калі б былі ў прафсаюзаў вялізныя грошы, дык гэта б не засталося без увагі кантрольных ворганаў. Усё гэта выдумкі", – лічыць старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Уладзімер Ганчарык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG