Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 жніўня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

У Нацыянальным прэс-цэнтры адбылася прэсавая канфэрэнцыя старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы.

Валянцін Сукала пад час сёньняшняе прэсавай канфэрэнцыі зьвярнуў увагу на дзьве задачы, якія, на ягоную думку, найперш павінны выканаць суды: першая – забясьпечыць выкарыстаньне амністыі; другая – ужываньне новага выбарчага заканадаўства. На пытаньне: "ці закране амністыя палітычных вязьняў – Лявонава, Клімава, Кудзінава?" Сукала адказаў:

"Я не магу дакладна адказаць, бо трэба знаёміцца з кожнай справаю. А наконт Кудзінава, я не разумею, чаму прэса лічыць ягоную справу палітычнаю, нібыта справакаванаю. Ніхто ж ня ведаў, што менавіта ў тую ноч Кудзінаў накіруе машыну зь мясам без дакумэнтаў у Маскву, а, калі яе затрымаюць, кінецца з пачкам даляраў яе бараніць. Потым, калі зьверылі тыя даляры, што ён даў, з тымі, што ў яго засталіся, дык іх сэрыі супалі".

Далей на пытаньне: "ці адбудуцца нейкія зьмены ў адміністрацыйным заканадаўстве, у прыватнасьці, у дачыненьні да сумнавядомага артыкулу 167 (удзел у масавых акцыях)?" спадар Сукала адказаў, што тут пакараньні ў выглядзе вялікіх штрафаў і арышты з адбыцьцём у спэцпрыёмніку, на ягоную думку, цалкам апраўданыя. Ён пагадзіўся, што ёсьць выпадкі, калі чалавек адседзеў 15 сутак арышту, а потым высьвятлілася, што суд памыліўся і яго апраўдваюць. А вось чаму потым судовыя ўстановы не задавальняюць пазовы грамадзянаў, якія патрабуюць кампэнсацыі, Валянцін Сукала даць адказ ня здолеў.

Старшыня Вярхоўнага суду вызначыў дзьве тэндэнцыі ў разглядзе крымінальных справаў: першая – скарачэньне колькасьці асуджаных да пазбаўленьня волі; другая – скарачэньне ўжываньня сьмяротнае кары. За першыя 6 месяцаў 2000 году да пакараньня сьмерцю былі асуджаныя 8 чалавек, а да пажыцьцёвага зьняволеньня – 46.

XS
SM
MD
LG