Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 жніўня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

У другой палове дня сябры дэлегацыі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы сустракаліся зь першым намесьнікам кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Ўладзімерам Замяталіным і міністрам юстыцыі Генадзем Варанцовым.

Пасьля спадары Дэйвіс, Бэрандт і Свобада наведалі Нацыянальны мастацкі музэй, дзе яны агледзелі выставу твораў Марка Шагала, і правялі сустрэчу з прадстаўнікамі творчай інтэлігэнцыі.

Сустрэчы старшыні Камітэту палітычных пытаньняў ПА Рады Эўропы Тэры Дэйвіса, адмысловага дакладчыка ў справах Беларусі гэтага ж камітэту Вольфганга Бэрандта й дакладчыка Камітэту правоў чалавека Цырыла Свобады з Замяталіным і Варанцовым цягнулася некалькі гадзінаў. Пасьля іх заканчэньня спадар Дэйвіс паведаміў нашаму радыё:"

(Дэйвіс: ) "У нас была вельмі цікавая сустрэча са спадаром Замяталіным. Ён выклаў нам свой погляд і, відаць, погляд прэзыдэнцкай адміністрацыі на ўнутраны дыялёг у Беларусі й на міжнароднае становішча Беларусі. А таксама распавёў пра падрыхтоўку да выбараў. Таксама мы мелі сустрэчу са спадаром Варанцовым, якая зрабіла вялікае ўражаньне на мяне й маіх калегаў. Ён быў вельмі шчыры, мы гутарылі пра правы чалавека, пра розных палітычных дзеячоў, пра зьнікненьні людзей. У прыватнасьці, пра супрацоўніка расейскае тэлекампаніі. І гэтая сустрэча на ўсіх зрабіла ўражаньне".

Гаварыў старшыня Камітэту палітычных пытаньняў ПА Рады Эўропы Тэры Дэйвіс. Праўда, чым жа так уразіў сябраў дэлегацыі Рады Эўропы міністар юстыцыі Беларусі, спадар Дэйвіс не ўдакладніў. Паводле словаў кіраўніка дэлегацыі, ён і ягоныя калегі не прасілі Замяталіна й Варанцова даваць нейкія канкрэтныя абяцаньні, а толькі слухалі, што гавораць гэтыя чыноўнікі – каб цалкам зразумець іхны погляд.

Тэры Дэйвіс таксама паведаміў, што ў Менску ў іх вельмі насычаная праграма. Гэта сустрэчы з прадстаўнікамі прафсаюзаў, праваабарончых і жаночых арганізацыяў, апазыцыйных партыяў і зь дзяржаўнымі чыноўнікамі. Цікава, што беларускія ўлады дазволілі эўрапейцам сустрэцца і са зьняволенымі дэпутатамі Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Андрэям Клімавым і Ўладзімерам Кудзінавым.

Пасьля сустрэчаў з усім спэктрам палітычных і грамадзкіх сілаў Беларусі прадстаўнікі ПА Рады Эўропы зробяць канчатковую выснову адносна накіраваньня сваіх назіральнікаў на восеньскія выбары.

Тэры Дэйвіс працягвае:

"Калі мы выслухаем увесь спэктар палітычных сілаў Беларусі – мы прымем канчатковае рашэньне: варта ці ня варта накіроўваць назіральнікаў на выбары, што адбудуцца ў кастрычніку. Пасьля таго, як мы прымем сваё рашэньне, мы абмяркуем яго з прадстаўнікамі іншых міжнародных і эўрапейскіх арганізацыяў, каб выпрацаваць адзіны погляд", – паведаміў спадар Дэйвіс.

Сёньня ўвечары сябры дэлегацыі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы наведалі ў Нацыянальным мастацкім музэі выставу Марка Шагала, ды сустрэліся з групаю мастакоў, а таксама правялі сутрэчу з кіраўніцтвам Беларускай Асацыяцыі журналістаў і рэдактарамі шэрагу беларускіх недзяржаўных газэтаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG