Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 ліпеня 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Сёньня ўвечары ў Філядэльфіі пачынаецца 4-дзённы Зьезд Рэспубліканскай Партыі ЗША.

У часе Зьезду губэрнатар штату Тэхас і сын былога прэзыдэнта ЗША Джордж Буш (малодшы), а таксама Дык Чэйні будуць афіцыйна зацьверджаныя кандыдатамі на пасаду прэзыдэнта і віцэ-прэзыдэнта ЗША, а таксама будзе прынятая праграма, зь якой партыя і ейныя кандыдаты пойдуць на выбары ў лістападзе.

У працы Зьезду возьмуць удзел 2066 дэлегатаў з усіх штатаў краіны. На форум прыехалі таксама звыш 12-ці тысячаў гасьцей, у тым ліку больш за сто сябраў Кангрэсу ЗША. Хаду Зьезду будуць асьвятляць каля 16-ці тысячаў журналістаў.

Падобныя Зьезды дзьвюх галоўных партыяў ЗША заўсёды былі грандыёзнымі шоў. На правядзеньне зьезду Рэспубліканскай Партыі ў Філядэльфіі з фэдэральнай скарбонкі было выдзелена 13,5 мільёна даляраў а дадатковыя 40 мільёнаў ахвяравалі спонсары. Дэмакраты правядуць свой Зьезд у палове жніўня ў Лос-Анджэлесе.

Аглядальнікі зьвяртаюць увагу на адну цікавую акалічнасьць. Большасьць дэлегатаў на Зьезд Рэспубліканскай Партыі – гэта людзі пераважна белыя, добра адукаваныя і якія зарабляюць як мінімум 50 тысячаў даляраў на год. 90 адсоткаў дэлегатаў лічаць сябе кансэрватарамі, гэта значыць, што яны рашуча супраціўляюцца абортам, службе гомасэксуалістаў у арміі і супраць паступовага падвышэньня падаткаў.

Вялікая перавага белых дэлегатаў не адпавядае этнічнаму складу амэрыканскага электарату. Сярод выбаршчыкаў белыя складаюць 74 адсоткі, афра-амэрыканцы 12-ць адсоткаў, гішпанамоўныя – менш за 10 адсоткаў, амэрыканцы азіяцкага паходжаньня 4 адсоткі і менш за адзін адсотак карэнныя амэрыканцы-індэйцы.

У перадвыбарчай гонцы за Белы Дом Джордж Буш (малодшы) апярэджвае свайго галоўнага контр-кандыдата ад Дэмакратычнай Партыі Альбэрта Гора. Як паказалі апублікаваныя ўчора вынікі дасьледваньня, праведзенага газэтай Washington Post і тэле-кампаніяй ABC, губэрнатар штату Тэхас карыстаецца зараз падтрымкай 53-х адсоткаў зарэгістраваных выбаршчыкаў, а цяперашні віцэ-прэзыдэнт толькі 42-х адсоткаў.

Апытаньне грамадзкай думкі прадэманстравала, што сярод незалежных выбаршчыкаў, пазыцыя якіх вельмі часта бывае вырашальная на выбарах, Буш апярэджвае Гора на 20-ць адсоткаў галасоў. Яшчэ тыдзень таму супернікі карысталіся прыблізна аднолькавай папулярнасьцю. Рост папулярнасьці Буша экспэрты тлумачаць сёньняшнім Зьездам і выстаўленьнем у якасьці кандыдата на пасаду віцэ-прэзыдэнта папулярнага ў грамадзтве, былога міністра абароны Дыка Чэйні.

Дарэчы, апошнія дні Джордж Буш правёў надзвычай актыўна. Зь мінулай пятніцы ён праехаўся па штатах, жыхары якіх двойчы галасавалі за дэмакратычнага кандыдата Біла Клінтана. Разам з жонкай Лаўрай ён правёў два дні у штатце Огайё, які валодае 21-м выбарчым голасам і дзе, як мяркуюць аналітыкі, найбольшая колькасьць нерашучых выбаршчыкаў. "Маё заданьне – узьняць дух краіны…сказаць, што абьяднаная краіна можа дасягнуць ўсяго, што мы хочам і запэўніць народ, што ніхто не застанецца пакінутым",—заявіў губэрнатар Тэхасу.

Паводле аглядальнікаў, Зьезд Рэспубліканскай Партыі ў Філядэльфіі будзе паказам палітычнай гнуткасьці Джорджа Буша . Хаця парадаксальна: ён увёў строгую дысцыпліну у сваіх шэрагах, якую сам называе "кіраваньнем жалезнага кулака", аднак спрабуе паказацца грамадзтву, як талерантны і адкрыты палітык. Ён лагодна выказваецца аб кіраваньні Клінтана-Гора. " Іхнае кіраваньне прынесла лішкі ў бюджэце, але дэфіцыт каштоўнасьцяў",—кажа ён, але відавочна Буш вырашыў не зьбіраць галасоў шляхам нападкаў на канкурэнта.

Улічваючы вопыт свайго бацькі з 92-га году, ён не дапусьціць да голасу тых кансэраватыўных дэлегатаў, якія могуць палярызаваць партыйныя шэрагі, і першыя ролі на Зьезьдзе атрымаюць такія прадстаўнікі меншасьцяў, як чорны генерал Паўэл. Буш спрабуе выбіць з рук дэмакратаў іхны галоўны козыр і паказаць, што найбольш яго хвалююе пытаньне фінасавай адказнасьці, будучыня сыстэмы адукацыі а таксама сыстэмы сацыяльнага забесьпячэньня і аховы здароўя, што ён турбуецца лёсам жанчынаў і меншасьцяў.

Паводле газэты New York Times, Джордж Буш добра разумее, што ён не пераможа на выбарах, калі яму ня ўдасца перацягнуць на свой бок тых выбаршчыкаў, якія не пагаджаюцца ні зь ім, ні з Рэспубліканскай Партыяй у такіх пытаньнях, як аборты, кантроль за доступам да зброі, сьмяротнае пакараньне і прыватызацыя сыстэмы сацыяльнага забесьпячэньня і, прынамсі, у часе Зьезду, ён будзе гаварыць тое, што хочуць пачуць незалежныя выбаршчыкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG